Анна Дынэр у “Гарачым каментары”


Кошт палітвязняў – 2 млрд еўраў. Менавіта столькі, паводле польскага штодзённіка “Rzeczpospolita” паабяцаў Еўразвяз Лукашэнку за іхнае вызваленне.

Газета спасылаецца на крыніцу ў польскім Міністэрстве замежных справаў – нібыта на сустрэчы з Лукашэнкам міністр замежных справаў Балгарыі Нікалай Младэнаў паабяцаў за вызваленне палітвязняў аднаўленне адносінаў з Еўразвязам і два мільярды еўраў для Менску. Аднак МЗС Балгарыі ўжо зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

Паводле эксперткі ва ўсходніх пытаннях Польскага інстытуту замежных справаў, Захад вядзе вельмі небяспечную гульню: “Лукашэнка ўжо вызваляў палітвязняў, аднак ніколі такая лібералізацыя не цягнулася доўга. Апошняя лібералізацыя распачалася ў 2008 годзе, а чым скончылася, мы ўсе ўбачылі 19 снежня 2010 года”, – кажа спадарыня Дынэр.

Аднак экспертка лічыць, што паўтор такога сцэнару малаімаверны. Яна мяркуе, што Еўразвяз меў час, каб навучыцца на сваіх памылках. Незалежна ад перамоваў паміж балгарскім МЗС і Лукашэнкам, без рэальных палітычных крокаў у бок лібералізацыі грошай Менск не атрымае.

“Лукашэнка грае ў старую гульню, аднак поле для манеўру ў яго значна меншае, чым было хаця б год таму. Я спадзяюся, што Еўразвяз не паўторыць сваіх памылак. Патрэбныя рэальныя крокі з боку рэжыму Беларусі, каб узнавіць дыялог”, – кажа Анна Дынэр.

belsat.eu

Стужка навінаў