У Беларусі стварылі прэзідэнцкі Следчы камітэт


Сёння Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны загад. Згодны з ім, дзеля стварэння камітэту вылучаць следчы апарат з сістэмы органаў пракуратуры, аддзел папярэдняга расследавання з сістэмы органаў унутраных справаў і сістэмы органаў фінансавых расследаванняў.

Паводле загаду, Следчы камітэт – гэта “дзяржаўны праваахоўны орган і орган папярэдняга следства, падпарадкаваны прэзідэнту Беларусі, які ажыццяўляе, згодна з заканадаўчымі актамі, паўнамоцтвы ў сферы перадсудовага крымінальнага працэсу”.

Для камітэту створаць кіраўніцтвы ў вобласцях і Менску, а таксама ў раёнах і гарадах. Старшыня Следчага камітэту, ягоныя намеснікі ды кіраўнікі ў вобласцях і Менску будуць прызначацца асабіста прэзідэнтам. Загад набывае моц першага студзеня 2012 года.

Рашэнне стварыць новую сілавую структуру Лукашэнка прыняў 2 жніўня па выніках нарады з прадстаўнікамі ўжо існых службаў. Кіраўнік дзяржавы выказаў тады незадаволенне якасцю працы сістэмы органаў папярэдняга расследавання.

Незалежныя эксперты, каментуючы ідэю стварэння камітэту, схіляліся да высновы, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму і прававой бяскарнасці саміх уладаў новы орган не палепшыць агульнай якасці следства.

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак лічыць, што камітэт мае на мэце уплываць на ўсе сілавыя структуры: “Раней Лукашэнка мусіў кантраляваць чатырох чалавек: старшыню КДБ, генпракурора, міністра ўнутраных справаў і старшыню Камітэта дзяржкантролю. Зараз жа з’явіцца адна адказная асоба, што будзе кантраляваць усе спецслужбы і да якой будзе ісці ўся інфармацыя”.

Следчы камітэт станецца эфектыўны толькі ў тым выпадку, калі ўсе астатнія сілавыя структуры будуць пазбаўленыя следчых функцыяў, лічыць былы спікер Вярхоўнага Савету, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. “Інакш з’явіцца новая структура-канкурэнт, і парадку стане яшчэ менш”, – сказаў Мечыслаў Грыб у інтэрв’ю Беларускай службе радыё “Свабода”.

Старшыня ўправы асветніцкага Цэнтру прававой інфармацыі Алена Танкачова не бачыць неабходнасці ў стварэнні Следчага камітэту “з гледзішча рацыянальнасці ды разумнага сэнсу”.

“Зразумела, для чаго гэта робіцца з гледзішча кіраўніка дзяржавы і ягонага атачэння: найвышэйшыя эшалоны ўлады маюць сталы недавер, у тым ліку да дзейных праваахоўных органаў”, – сказала Танкачова. “Стварэнне следчага органу пры прэзідэнту – гэта спроба цэнтралізаваць вакол яго новую застрашальную структуру”, – рэзюмавала яна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары