Настаўніца менскай гімназіі: Хутчэй бы сысці з гэтай вар’ятні на пенсію


Кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька даў даручэнне падначаленым развязаць пытанне ў справе прыцягнення сталічных школьнікаў да ўборкі бульбы ды гародніны ў гаспадарках краіны.

Мікалай Ладуцька лічыць, што вучням менскіх школаў не хапае натуральных сокаў з морквы ды буракоў, але забяспечыць імі яны павінны сябе самі. “Ручкамі сваімі збяруць, прывязуць ды будуць ужываць”, – патлумачыў сваю ініцыятыву старшыня Менгарвыканкаму на аператыўнай нарадзе ў мэрыі.

“Хутчэй бы сысці на пенсію з гэтай вар’ятні”, – пракаментавала “Белсату” навіну настаўніца адной са сталічных гімназіяў. Жанчына толькі спадзяецца, што вываз школьнікаў на палі будзе ажыццяўляцца не ў шкоду навучальнаму працэсу. “Праграма настолькі складаная і заблытаная, што ўжо ў пачатковых класах бацькі пачалі наймаць сваім дзецям рэпетытараў, каб тыя маглі паступіць у гімназію. Старшакласнікі і ўвогуле настолькі загружаныя, што і гаварыць не даводзіцца”, – зазначае настаўніца.

У бацькоў вучняў прапанова мэра таксама не выклікала энтузіязму. “Цікава, нашых дзяцей будуць выкарыстоўваць як дармавую працоўную сілу? Хто і як будзе лічыць, колькі морквы ды буракоў назбіралі вучні той ці іншай школы?”, – абураецца жыхарка Менску спадарыня Ірына. Яна гаворыць, што на школьныя сняданкі сына з сямейнага бюджэту яны выдаткоўваюць 30 тысяч рублёў: “Але грошы гэтыя ідуць у сметніцу, бо тое, што даюць у школьнай сталоўцы, мой сын есці адмаўляецца”.

Настаўніца гімназіі зазначыла, што “на распараджэнне зверху” ім загадалі, каб школьны сняданак каштаваў не даражэй за 6 тысяч рублёў на дзень. “Але ж вы самі разумееце, што накарміць смачна і якасна за гэтыя грошы пры цяперашніх коштах немагчыма”, – уздыхае яна.

belsat.eu

Стужка навінаў