Ці гатовыя Дзмітрыеў і Раманчук супрацоўнічаць з ГКР?


Ізноўку з’явілася інфармацыя пра магчымую рэанімацыю Грамадска-кансультацыйнай рады.

Як паведаміў сёння telegraf.by са спасылкаю на крыніцу, блізкую да ГКР, узмацніць структуру вырашылі прадстаўнікамі апазіцыйнага лагеру. У раду могуць увайсці экс-кандыдаты на прэзідэнцтва Рыгор Кастусёў і Яраслаў Раманчук, а таксама прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Як паведамілі “Белсату” магчымыя чальцы, да іх адпаведных прапановаў пакуль не паступала. “Я ўвогуле не вельмі разумею, што гэта за структура. Яна не публічная, грамадскасці пра сваю працу нічога не паведамляе. Не ведаю… Ну, няма пра што тут пакуль гаварыць”, – пракаментаваў інфармацыю Андрэй Дзмітрыеў.

Яраслаў Раманчук увогуле не выключае, што гэта “качка, якую незразумела дзеля чаго выпусцілі”. Тым не менш, эканаміст лічыць, што дыялог заўсёды лепш, як вайна. І гаворыць, што гатовы разглядаць прапанову, калі рада будзе працаваць рэальна. “Я ўжо працаваў у камітэце маркетынгу, створаным урадам Беларусі ў 2009 годзе. Калі нас запрашалі, то запэўнівалі, што для канкрэтнай працы. Але аказалася, што чальцы камітэту з дзяржструктураў добра ўмеюць толькі імітаваць бурную дзейнасць”, – зазначыў Яраслаў Раманчук.

Грамадска-кансультацыйнай рада, якую ўзначальвае Уладзімір Макей, была створаная пры Адміністрацыі прэзідэнта ў студзені 2009 года. Яе асноўная мэта – абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, удасканаленне кірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны ды распрацоўванне прапановаў у справе актыўнейшага ўцягвання Беларусі ў сусветныя працэсы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары