Лябедзька запрашае жанчын у АГП


У Беларусі значна пагоршала сітуацыя з парушэннем правоў жанчын ва ўсіх сферах жыцця. Такое меркаванне выказаў падчас прэс-канферэнцыі ў Менску лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна.

Паводле Пецінай, асноўнаю праблемаю застаецца дыскрымінацыя жанчын на рынку працы. Склалася парадаксальная сітуацыя: сярод работнікаў з вышэйшай адукацыяй жанчыны складаюць 60,4 %, мужчыны – 39,6 %, сярод спецыялістаў жанчын 74,2 %, а мужчынаў толькі 25,8 %, аднак на пасадах кіраўнікоў у сферы дзяржаўнага кіравання мужчынаў у 10 разоў больш, чым жанчын.

Таму АГП сумесна з Жаночым незалежным дэмакратычным рухам вырашылі выступіць з ініцыятывай актыўнага прыцягнення жанчын у палітыку. Анатоль Лябедзька, у прыватнасці, звярнуўся да ўсіх жанчын Беларусі з заклікам далучацца да Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заявіўшы: “Дзверы АГП адчыненыя для вас”.

Людміла Пеціна нагадала, што 16 жніўня 2011 года быў прыняты нацыянальны план дасягнення гендэрнай роўнасці. У гэты план ўвайшлі і прапановы, падрыхтаваныя Жаночым рухам. Праўда, частка важных рэкамендацыяў, “такія, як прыняцце Закону аб гендэрнай роўнасці ды Закону аб перадухіленні хатняга гвалту, прыняты ў нацыянальным плане з агаворкамі, гэта значыць, спачатку трэба вывучыць мэтазгоднасць прыняцця гэтых законаў, а потым распрацаваць закон”, зазначыла Пеціна.

belsat.eu
https://youtu.be/LWOBUE3ZExo

Глядзі таксама
Каментары