На судзе ў справе тэракту будуць тры дзяржаўных абвінаваўцы


Працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым распачнецца ў менскім Доме правасуддзя 15 верасня аб 11-й гадзіне.

Падтрымліваць абвінавачанне на судовым працэсе ў справе аб тэракце ў менскім метро і шэрагу іншых злачынстваў двух нарадзінцаў Віцебску будуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы. Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Сярод трох дзяржабвінаваўцаў – адзін з намеснікаў генеральнага пракурора. Хто менавіта, пакуль не называюць.

Старшыняваць у судзе будзе першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Аляксандр Федарцоў.

Дзмітрыю Канавалаву выставілі абвінавачанне ў тэрарызме, што пацягнуў чалавечыя ахвяры, цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, у незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі ды выбуховымі прыладамі, у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні ды пашкоджанні маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Уладзіслава Кавалёва вінавацяць у саўдзеле праз дапамогу і здзяйсненне тэрарызму, у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі, ўкрывальніцтве асобы, якая ўчынiла асабліва цяжкае злачынства, і ў неданясенні аб здзейсненых і рыхтаваных асабліва цяжкіх злачынствах.

Выбух на станцыі “Кастрычніцкая” мінскага метро прагрымеў 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Як паведаміў журналістам 1 жніўня намеснік генпракурора – начальнік следчага кіраўніцтва Генеральнай пракуратуры Андрэй Швед, Кавалёву закідаюць больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці, Канавалаву – 30. У працэсе расследавання крымінальнай справы і аператыўна-вышуковых дзеянняў не было выяўлена ўскосных сведчанняў таго, што за спінаю абвінавачаных стаялі якія-небудзь спонсары ці замоўцы. “Канавалаў і Кавалёў дзеялі самастойна”, – сказаў Швед.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары