Андрэй Дзмітрыеў: Ад скаргаў да пазітыўнай «СуперБеларусі»


Кампанія “Гавары праўду!” распачынае рэалізацыю стратэгіі “СуперБеларусь”.

Пераход да новых формаў працы быў ухвалены на сходзе 10–11 верасня ў Магілёўскай вобласці, у якім удзельнічалі больш за 30 рэгіянальных лідараў, паведаміў кіраўнік штабу Някляева на выбарах 2010 г. Андрэй Дзмітрыеў. “Абмяркоўвалася далейшая дзейнасць кампаніі ды план падрыхтоўкі да будучага палітычнага календара, – сказаў ён. – Галоўнае рашэнне – карэктаванне стратэгіі, пераход ад скаргаў на існы стан рэчаў да пазітыўнай “СуперБеларусі”. Гэта значыць Беларусь – гэта краіна, якой кожны яе жыхар хоча ганарыцца, хоча будаваць яе для сябе, жыць і працаваць тут, а не шукаць шчасця на чужыне. Але тым, што сёння робяць улады, ганарыцца немагчыма”.

Паводле словаў Дзмітрыева, рашэнне змяніць стратэгію было прынятае на падставе настрояў грамадства, якія выявіліся падчас збору подпісаў пад дзвюма заканадаўчымі ініцыятывамі: увядзенне абавязковага дэкларавання даходаў чыноўнікамі ды правядзенне рэферэндуму ў пытанні прыватызацыі буйных прадпрыемстваў. “Ужо ёсць 15 000 подпісаў. Падчас сустрэчаў з людзьмі мы адчулі, што трэба вярнуцца да таго, з чаго пачыналі: сацыяльнай арыентаванасці нашых акцыяў. Мы мусім адказаць людзям на пытанні, як і куды развівацца”, – заявіў Дзмітрыеў.

“Нашая мэта не мяняецца, – падкрэсліў ён. – 19 снежня мы крыху не дайшлі. Але маленькія перамогі маюць прывесці да адной вялікай”.

Рашэнне аб змене стратэгіі адлюстраванае ў дэкларацыі, прынятай паводле вынікаў сходу. Пра канкрэтныя акцыі ў межах стратэгіі “СуперБеларусь” лідары кампаніі маюць намер паведаміць у хуткім часе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары