Старшынём Партыі БНФ абралі Аляксея Янукевіча


За яго на з’ездзе арганізацыі ў Менску 10 верасня прагаласавалі 135 дэлегатаў, супраць – 18. Старшыню Партыі БНФ абралі на безальтэрнатыўнай аснове.

Сябра партыі Васіль Раманаў з Гомля, які раней заяўляў пра намер вылучацца на гэтую пасаду, ад сваіх планаў адмовіўся. Акрамя Янукевіча прапаноўвалася таксама кандыдатура Сяргея Мальчыка, аднак ён узяў самаадвод. “Амбіцыяў стаць старшынём партыі на гэтым з’ездзе ў мяне няма. Янукевіч справіўся са старшынёўствам у цяжкі час, думаю, яму трэба даць на кіраўніцтва партыяй яшчэ як мінімум тры гады”, – сказаў Мальчык.

Цяпер з’езду неабходна абраць намеснікаў старшыні, якіх, згодна са статутам, прапануе сам кіраўнік арганізацыі. Янукевіч вылучыў Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова і Аляксандра Салаўёва. Такім чынам, колькасць намеснікаў кіраўніка партыі павялічыцца з двух да трох.

belsat.eu

Стужка навінаў