МТІС вярнулі “Еўраспорт” у кабельныя сеткі, ТНТ – не


Кампанія змяніла рашэнне пасля масавых скаргаў ад кліентаў.

Найбуйнейшы кабельны аператар сталіцы МТІС (Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі) заявіў, што на аплату папулярнага каналу “Еўраспорт” няма грошай – аплата ідзе ў валюце, а таму замест яго будуць трансляваць канал «СпортСаюз». Аматараў спорту такая замена не задавальняла, бо «Еўраспорт» – самы папулярны еўрапейскі спартыўны канал. Алімпійскія гульні, кубак свету па біятлоне, адборачныя гульні футбольных чэмпіянатаў свету і Еўропы – усё гэта з’яўлялася ў эфіры «Еўраспорту». Менавіта таму кліенты звярнуліся са скаргамі.

У тэхнічнай службе МТІС “Белсату” паведамілі, што кіраўніцтва разгледзела скаргі ды прыняло рашэнне вярнуць папулярны тэлеканал. “Інакш мы згубілі б вельмі шмат гледачоў. Будзе перагледжаная сетка трансляцыі, мы будзем вымушаныя пазбавіцца ад іншых каналаў, каб мінімізаваць выдаткі, але “Еўраспорт” ізноў з’явіцца ў эфіры”.

Раней кампанія выключыла са сваёй праграмы папулярны забаўляльны тэлеканал ТНТ. Афіцыйная прычына – высокі кошт кантэнту, неафіцыйная – удзельнікі праграмы “Камэдзі Клаб” жартавалі ды кпілі з Лукашэнкі. Першую версію зняпраўджвае афіцыйны прадстаўнік ТНТ у Беларусі – кампанія «АИТ-Вавилен». Намеснік дырэктара Вячаслаў Аўдзееў адзначае: “Сёлета нашая кампанія ўдвая зменшыла аплату за трансляцыю каналу. Яшчэ мы адмовіліся ад прывязкі аплаты да колькасці абанентаў, спыніліся на фіксаванай абаненцкай аплаце – зрабілі ўсё для зручнасці беларускіх тэлекамунікацыйных кампаніяў”. Але ТНТ вяртаць не збіраюцца. Больш за тое, ад яго трансляцыі днямі адмовілася даччыная кампанія “Белтэлекаму” “ZALA”. Такім чынам, у Менску больш не засталося аператараў, які транслююць ТНТ. У рэгіёнах сетка таксама змяншаецца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары