Развітанне з Русланам Салеем


У менскім парку імя Горкага да ўваходу на крытую коўзанку, дзе адбылося развітанне з Русланам Салеем, пашыхтавалася чарга даўжынёю не менш як 500 чалавек. Тыя, хто прыйшоў развітацца з загінулым у авіякатастрофе капітанам Нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі, стаяць з кветкамі, жалобнымі вянкамі, некаторыя прыйшлі ў форме розных хакейных клубаў. Ля дзвярэй – ганаровая варта ў вайсковай форме.

“Беларускі хакей асірацеў, – гаворыць старшыня Беларускай федэрацыі хакею Яўген Ворсін. – Гора непазбыўнае, страта зусім намі незразумелая. Адзінае, што нам застаецца, проста ўшанаваць іхную памяць”.

Развітацца са сваім вучнем прыйшоў і першы трэнер Руслана Салея Эдуард Мілушаў. Ён узгадаў, што тады, шмат гадоў таму, хакеіст яму “адразу спадабаўся, такую ўпэўненасць пасяляў, з характарам таварыш”. “За ўсе гады, якія я з ім працаваў, шэсць-сем гадоў, ні разу ў яго ў вачах не бачыў ні панікі, ні страху”, – падзяліўся трэнер.

Самалёт Як-42, на борце якога быў асноўны склад “Лакаматыва”, пацярпеў крушэнне 7 верасня ў Яраслаўскай вобласці. Хакеісты ляцелі ў Менск на гульню першага туру рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Загінулі 43 чалавекі, двое выжылі і знаходзяцца ў цяжкім стане. Сярод пасажыраў былі беларускія гульцы “Лакаматыва” Руслан Салей і Сяргей Астапчук, а таксама трэнер Мікалай Крываносаў.

belsat.eu

Стужка навінаў