Прэйгерман: Не факт, што ільготнае крэдытаванне абмяжуюць


Неўзабаве ўмовы ільготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва могуць змяніцца – ільготны крэдыт можа стаць даступны меншай колькасці беларусаў. Паводле эканаміста Яўгена Прэйгермана, абмежаванне ільготнага крэдытавання – карыснае для беларускай эканомікі. “Выдаваць у сённяшняй сітуацыі ільготныя крэдыты – гэта выдаваць грошы, якія не будуць вяртацца, у выніку адзінае выйсце – эмісія грошай”. А гэта, у сваю чаргу, азначае далейшае абясцэньванне беларускага рубля.

Урад распрацаваў праект адпаведнага ўказу, які будзе прапанаваны на разгляд прэзідэнту, “На прапанову ўраду ранейшыя ўмовы захаваюцца для шматдзетных сем’яў і для катэгорыяў сацыяльна не абароненых грамадзянаў, уключаных ва ўказ прэзідэнта № 185”, – заявіў падчас прэс-канферэнцыі намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін. Паводле яго, будзе прапаноўвацца льготны крэдыт пад 5 % на 20 гадоў. Усе астатнія грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў і не ўвайшлі ў ільготную катэгорыю, будуць будаваць жыллё на агульных камерцыйных умовах.

Паводле Яўгена Прэйгермана, крэдытная запазычанасць Беларусі складае каля 85 трлн рублёў. “З тым узроўнем інфляцыі і з тым узроўнем запазычанасцяў у Беларусі можна казаць, што калі будзе працягвацца тое, што сёння мы маем, – гэта наўпроставая і вельмі хуткая дарога ў дэфолт”, – падкрэсліў эканаміст.

Запазычанасць фізічных асобаў складае каля 27 трлн рублёў, з якіх запазычанасць па крэдытах на будаўніцтва жылля – 5,5 трлн. Большая частка гэтай сумы – каля 80 % – менавіта і ёсць ільготныя крэдыты. “Гэта вельмі шмат. Хутка ўзрастае рызыка “праблемных крэдытаў”, гэта значыць, немагчымасць людзей вяртаць крэдыты ў сітуацыі з рэзкім зніжэннем прыбыткаў і ростам інфляцыі”, – падкрэсліў эксперт.

Аднак прапанова ўраду пакуль не зацверджаная Аляксандрам Лукашэнкам. “У Беларусі вельмі моцнае будаўнічае лобі, у тым ліку ў Адміністрацыі прэзідэнта, ёсць прадстаўнікі сярод тых людзей, што маюць доступ да Аляксандра Лукашэнкі, таму яшчэ не факт, што будзе прынятая пастанова, і не факт, што яна будзе рэалізоўвацца”, – падкрэсліў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў