Андрэй Саннікаў: Не збіраюся мяняць свой турэмны тэрмін на легітымнасць Лукашэнкі


Пра гэта зняволены экс-кандыдат на прэзідэнцтва заявіў сваёй жонцы Ірыне Халіп. Жанчына ўчора вярнулася з Наваполацкай калоніі пасля доўгатэрміновага спаткання з мужам. “Андрэй вельмі рады за тых, хто выйшаў з турмы. Больш за тое, ён лічыць, што і Зміцер Бандарэнка мог бы напісаць прашэнне аб памілаванні, бо здароўе даражэйшае. Але сам падпісваць аніякіх папераў не збіраецца, і турэмная адміністрацыя гэта разумее, таму да яго з прапановамі нават і не падыходзяць”, – распавяла “Белсату” Ірына Халіп.

Паводле спадарыні Халіп, Андрэю Саннікаву не зразумелая пазіцыя Еўразвязу, бо ён па-ранейшаму ўпэўнены: сядаць за стол перамоваў з Аляксандрам Лукашэнка можна толькі ў пытаннях перадавання ўлады. “Андрэй гаворыць, што пасля леташніх снежаньскіх падзеяў улада стала не толькі незаконнай, але і злачыннай. Пачаць размаўляць з Лукашэнкам пасля таго, як ён вызваліць палітычных, значыць прызнаць ягоную легітымнасць, значыць размаўляць са злачынцам. Мяняць свой турэмны тэрмін на легітымнасць Лукашэнкі Андрэй не збіраецца, такая ягоная пазіцыя”, – зазначыла Ірына Халіп.

Андрэй Саннікаў упэўнены, што да Народнага сходу больш памілаванняў не будзе, бо ўлады вельмі баяцца палітвязняў і не дапусцяць іхнага ўдзелу ў гэтай ініцыятыве. Зняволены палітык таксама вельмі непакоіцца пра тое, што цяпер адбываецца са Змітром Дашкевічам, бо, з ягоных словаў, нават паводле турэмных законаў гэта поўнае бязмежжа.

Што тычыцца стаўлення адміністрацыі Наваполацкай калоніі да палітычных, Андрэй Саннікаў характарызуе іх як “жорсткія, але не бязмежныя”. За кожным крокам “дзекабрыста” сочаць, часам падсылаюць асобаў з правакацыйнымі пытаннямі. “Але ў Андрэя атрымоўваецца захоўваць нармалёвасць, наколькі гэта магчыма ў ненармалёвай абстаноўцы, і не губляць прысутнасці духу”, – гаворыць Ірына Халіп.

Жанчына таксама распавяла, што Андрэй Саннікаў па-ранейшаму працуе на вытворчасці гофракардонных скрыняў. У прамысловай зоне ён часам бачыцца з асуджаным у справе анархістаў Ігарам Аляневічам, якога характарызуе як “вельмі годную асобу”. Звестак жа пра Мікіту Ліхавіда Андрэй Саннікаў не мае, бо сядзельцы памяшканняў камернага тыпу цалкам ізаляваныя ад астатніх зняволеных.

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў у “справе 19 снежня” быў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоная жонка, журналістка Ірына Халіп, атрымала два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем адбыцця пакарання на два гады.

belsat.eu

Стужка навінаў