Менчукі пра Колю Лукашэнку: Лепш бы ён гуляўся з сябрамі


Частка беларусаў незадаволеная звычкаю Лукашэнкі браць на афіцыйныя цырымоніі 7-гадовага сына Колю.

Журналісты тэлеканалу “Белсат” спыталі ў менчукоў, што яны думаюць наконт прысутнасці Лукашэнкі-малодшага падчас перамоваў, афіцыйных візітаў, жалобных ды святочных імпрэзаў з удзелам кіраўніка дзяржавы.

“Мне ўвогуле не падабаецца, калі ў палітыку ўмешваюць дзяцей. Гэта недарэчна”, – заявіла адна з рэспандэнтак. Адзін з менчукоў лічыць, што лепш бы Коля Лукашэнка заставаўся дома ці бавіўся са сваімі аднагодкамі замест таго, каб суправаджаць свайго бацьку падчас афіцыйных цырымоніяў. “Я лічу, што ў Коленькі няма дзяцінства”, – падкрэсліў рэспандэнт.

“Ягоны сын мусіць ведаць сваё месца – ён занадта малы, каб прысутнічаць на такіх мерапрыемствах. Ды і ўвогуле я лічу, што Лукашэнка перабольшвае, перагінае палку”, – лічыць адзін з апытаных. Тым часам адна з рэспандэнтак зазначыла, што медыі зашмат увагі надаюць Лукашэнку-малодшаму. “Гэта ягоная асабістая справа, гэта ягонае дзіця. Гэтае пытанне, мне падаецца, не палітычнае”, – дадала жанчына.

8 верасня Аляксандр Лукашэнка ўзяў свайго сына Колю на жалобную цырымонію, прысвечаную памяці хакеістаў расейскага клубу “Лакматыў”. Раней ён суправаджаў бацьку падчас агляду месца выбуху ў менскім метро, прымаў разам з Лукашэнкам-старэйшым вайсковы парад падчас святкавання Дня незалежнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў