Уладзімір Някляеў у «Гарачым каментары»


Не пакідаць Менску, не наведваць сходаў і мітынгаў, раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, з дваццатае вечара да шостае раніцы заставацца дома. Для Уладзіміра Някляева суд увёў дадатковыя абмежаванні.

Экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў сёння не пайшоў у суд на знак пратэсту і салідарнасці з іншымі вязнямі. Ленінскі суд сталіцы ўвёў абмежаванні для Някляева ў сувязі з парушэннем умоваў папярэдняга выраку. 20 траўня экс-кандыдата асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем пакарання на 2 гады – нібыта за ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня. Аднак яшчэ да пачатку акцыі пратэсту Някляева збілі, скралі ды змясцілі ў СІЗА КДБ.

Палітык звязвае чарговыя абмежаванні наўпрост са сваёю палітычнаю дзейнасцю. “Адразу пасля вызвалення я пачаў ездзіць па краіне, сустракаўся з людзьмі, удзельнічаў у пратэстных акцыях. Лукашэнка на гэты конт выказаўся публічна – што “за гэтым стаіць палітык, які адною нагою ўжо ў турме”. Гэта спроба звязаць мяне па руках і нагах, каб я нічога не мог зрабіць”, – мяркуе ён.

Паводле экс-кандыдата, ва ўсёй краіне пануе страх, але калі грамадства пачало ад яго пазбаўляцца, то ва ўладзе ён толькі мацнее.

29–30 верасня ў Варшаве адбудзецца саміт “Усходняга партнёрства”, на які палітык быў запрошаны. Спадар Някляеў лічыць, што гэтак улады намагаюцца паказаць сваю самастойнасць пры адначасовых пошуках кантактаў.

“Лукашэнка разумее сітуацыю гэтак, як яму хочацца. Ён ніколі не сядзе за стол перамоваў з апазіцыяй так, як гэта ўяўляюць нармальныя людзі. Ён спадзяецца, што да яго прыедуць прадстаўнік Еўразвязу і прадстаўнік з боку Расеі – і яны будуць спрачацца, хто і за што яму дасць больш грошай. Але гэта не азначае, што ўрэшце яму не прыйдзецца пайсці на перамовы”, – кажа Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў