Нацбанк спадзяецца, што валюта ў абменніках усё ж з’явіцца


Адбыцца гэта мае праз некалькі дзён пасля дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы. Пра гэта заявіў сёння намеснік старшыні кіраўніцтва Нацыянальнага банку Тарас Надольны.

Паводле ягоных словаў, на дадатковай сесіі, што мае адбыцца 14 верасня, банкі змогуць набываць валюту без абмежаванняў, а пры ўсталяванні курсу для насельніцтва будуць арыентавацца на кошт, за які яна была набытая.

“Нават калі яны не будуць купляць валюту непасрэдна для абменнікаў на біржы, але будуць усталёўваць курсы, арыентуючыся на дадатковую сесію, гэта будзе стымуляваць прыток валюты ў абменныя пункты”, – заспакоіў насельніцтва прадстаўнік Нацбанку.

Валютная хваля мае захліснуць абменнікі праз некалькі дзён пасля дадатковай сесіі. “Я мяркую, што некалькі дзён на ўсталяванне – і валюта з’явіцца ў абменных пунктах, а потым, калі будзе больш ураўнаважаны курс на дадатковай сесіі ды не будзе значных адхіленняў цягам адной-дзвюх сесіяў, то банкі будуць падмацоўваць абменныя пункты”, – сказаў Надольны.

Што праўда, вызначыць будучы курс беларускага рубля Тарас Надольны не ўяўляе магчымым. Вядома толькі, што ён будзе вышэйшы за афіцыйны: “Лічу, што наш максімальны курс не будзе значна адрознівацца ад сённяшняга афіцыйнага”, – кажа ён.

З прадстаўніком Нацыянальнага банку не згаджаюцца эксперты.

“Курс, зразумела, завышаны, бо ў гандляваннях удзельнічалі толькі банкі ды не ўлічваўся попыт рэальнага сектару. А банкіры зацікаўленыя, каб курс быў падвышаны”, – гаворыць эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы. На ягонае меркаванне, і на дадатковых гандляваннях долар найхутчэй спыніцца на адзнацы 8500 руб.

У сваю чаргу журналіст Віктар Малышэўскі называе яшчэ вышэйшыя лічбы. “На другой дадатковай сесіі робіцца максімальны курс – напрыклад, 14 000. Народ адразу афігевае ад такога курсу, а потым бачыць, што курс штодня зніжаецца рублёў на 200–300, і пачынае здаваць долары за такі выгадны курс. І тады павышаецца стаўка рэфінансавання і адсоткі паводле ўкладаў у беларускіх рублях, і насельніцтва нясе беларускія грошы ў банкі. Такім чынам Нацбанк забівае адразу двух зайцоў: павышаецца давер да беларускага рубля, бо курс стабілізуецца праз зніжэнне кошту долара, і павялічваюцца ўклады ў банках менавіта ў беларускіх рублях”, – кажа спадар Малышэўскі.

Аднак такі план Нацбанку можа не спрацаваць. Насельніцтва можа проста замяніць долары на долары, прадаючы іх за 12 000 руб., а купляючы за 10 000. Канечне, калі яны будуць даступныя ў абменніках. Цяжка сказаць хто выйграе больш у гэтай сітуацыі, але дакладна вядома, хто прайграе: “Прайграюць тыя, хто проста сядзіць з беларускімі рублямі. Долар будзе падаць ад максімальнага курсу да 8000–8500, аднак магчымае і наступнае зніжэнне, калі насельніцтва будзе проста чакаць яшчэ меншага курсу”, – кажа Віктар Малышэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў