Лукашэнка напусціў туману


Прэзідэнт Беларусі заявіў, што ні з кім з апазіцыі “перамаўляцца не збіраецца”. “Яны сядзелі пад венікам, дзялілі гэтыя “зялёныя”, якія ім кінулі з-за мяжы, і тут раптам пачулі, што Лукашэнка нешта сказаў. Яны гэта ўспрынялі як перамовы з апазіцыяй. Я пра перамовы не казаў і казаць не збіраюся. Я ні з кім з іх не збіраюся перамаўляцца”, – падкрэсліў Лукашэнка. Аднак тут жа дадаў, што запрасіў за круглы стол усе грамадскія партыі і рухі, “у тым ліку і іх – гэтыя карлікавыя партыі”.

Як мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі, супярэчлівыя заявы кіраўніка Беларусі трэба разглядаць як частку ягонай традыцыйнай схемы дачыненняў з заходнімі ды ўсходнімі апанентамі. “Гэта практыкавалася яшчэ ў час братэрскай інтэграцыі з Расеяй, калі перад выбарамі прэзідэнт абяцаў прадаць Маскве прадпрыемствы, што іх цікавяць. Але пасля выбараў рабіў здзіўлены твар: маўляў, вы нас не так зразумелі. Колькі разоў ён абяцаў прадаць “Белтрансгаз”? Аналітыкі ўжо з ліку збіліся”, – нагадвае эксперт.

Цяпер гэтыя ж прыёмы выкарыстоўваюцца і ў кантактах з Захадам, зазначае Аляксандр Класкоўскі: “Зразумела, што сесці за круглы стол – было адным з патрабаванняў Еўропы. Усе перамовы вяліся закулісна, і вось на гэтай няпэўнасці ўлады Беларусі цяпер і гуляюць. Зноўку робяць выгляд, што, мажліва, гаворка ішла аб розных рэчах – Захад меў на ўвазе свой дыялог, а ўлады Беларусі – свой”.

Са словаў палітолага, улады імкнуцца падмануць Еўропу імітацыяй дыялогу: калі апазіцыя будзе раздробленая і расчыненая сярод лаяльных да ўлады структураў. “Гэта проста падвышэнне ставак у гульні. Зразумела, што Захад наўрад ці пагодзіцца на такое, у выніку пачнуцца пошукі нейкага кампрамісу ў фармаце і рэгламенце круглага стала. Гэта дасць афіцыйнаму Менску перавагу ў часе і мажлівасць перагуляць умовы на сваю карысць”, – тлумачыць Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў