Міністэрства сувязі прадае «Прамсувязь» кітайцам


Кіраўніцтва буйнога дзяржаўнага прадпрыемства абвесціла пра гатоўнасць прадаць 49,7 % акцыяў.

У Дзяржаўным камітэце маёмасці пацвердзілі гэтую інфармацыю. “На продаж выстаўлена 49,7 % акцыяў. Стартавы кошт – 58 млрд руб. Абавязковая ўмова продажу – безадсоткавая пазыка на суму $ 1,5 млн на тры гады. Грошы маюць пайсці на развіццё прадпрыемства”, – паведаміла прэсавы сакратар камітэту Алена Касцюкова.

Прадпрыемства “Прамсувязь” выпускае камп’ютарныя мадэмы, тэлефонныя апараты, пластыкавыя карткі, плацежныя тэрміналы ды інфакіёскі, станцыі дротавага вяшчання.

Пра гатоўнасць набыць акцыі “Прамсувязі” некалькі гадоў таму заявілі кітайскія інвестары з кампаніяў “Huawei” і “ZTE”. Ужо цяпер беларусы супольна з імі вырабляюць мадэмы. Аднак Міністэрства сувязі ды інфарматызацыі да апошняга адкладала продаж. Рэч у тым, што “Прамсувязь” – адзінае прамысловае прадпрыемства, што ўваходзіць у склад Міністэрства сувязі. Да 2012 г. была распрацаваная праграма мадэрнізацыі, і кіраўніцтва спадзявалася сваімі сіламі выйсці на рэнтабельнасць. Аднак складаная фінансавая сітуацыя і востры інтарэс кітайскіх бізнесоўцаў прыспешылі рашэнне аб продажы.

Інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін адзначае: “База “Прамсувязі” спрыяльная для развіцця бізнесу інфармацыйных тэхналогіяў. Тым больш, што сталыя кліенты – РУП “Белтэлекам” і РУП “Белпошта” – свайго кшталту дзяржаўныя карпарацыі. Відавочна, што інвестары будуць шукаць выйсця і на замежныя рынкі. Але дзяржава захавае кантрольны пакет акцыяў, таму будзе працягваць кантроль над вытворчасцю і фінансавымі паступленнямі”.

belsat.eu

Стужка навінаў