Без шансаў на адзінага?


Палітык упэўнены, што Цэнтрвыбаркам зарэгіструе максімальную колькасць прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. У гэтых умовах, гаворыць Статкевіч, шанцаў дамовіцца аб адзіным амаль няма.

Аднак сам палітык упэнены, што гэта станецца найвялікшай стратэгічнай памылкай апазіцыі на маючых адбыцца выбарах. “Чаму я лічу, што адзіны кандыдат нам патрэбны? Таму што, гэта канцэнтрацыя ўсіх рэсурсаў апазіцыі — людзкіх, электаральных, фінансавых. Гэта адразу рэйтынг, роўны рэйтынгу Лукашэнкі. Мы павінны прымусіць уладу лічыць галасы, а дзеля гэтага, магчыма, прыйдзецца выводзіць народ на плошчу. У супраціва павінен быць адзіны лідар”, — заяўляе Мікола Статкевіч.

Да таго ж, дадае палітык, апазіцыя павінна пазбавіць Лукашэнку магчымасці самому абраць сабе суперніка. Мікола Статкевіч упэўнены, што аб’яднанне — гэта дэманстрацыя адказнасці за лёс краіны, а “ўдзел у выбарах адразу некалькі дэмакратычных кандыдатаў — гэта дэманстрацыя нашай безадказнасці”.

Палітык заявіў, што і далей гатовы да перамоваў па вызначэнню адзінага. Статкевіча таксама падтрымалі лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў і кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі.

Прадстаўнікі беларускага Народнага Фронту прымаць удзел у прэс-канферэнцыі адмовіліся ў апошні момант. Яшчэ два дэмакратычных кандыдата — Алесь Міхалевіч і Андрэй Саннікаў і раней неаднаразова заяўлялі, што не бачаць сэнсу ў абранні адзінага.

Анатоль Лябедзька, што прадстаўляў на мерапрыемстве Яраслава Раманчука, выказаўся няпэўна. “Я на сёняшні дзень з’яўляюся паслядоўным прыхільнікам адзінага кандыдата, але не перакананы, што адзіны кандыдат дапаможа рэалізаваць нашыя мэты і задачы”, — заявіў Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў