Някляеву забаранілі масавыя мерапрыемствы, але дазволілі алкаголь


Экс-кандыдат на прэзідэнцтва меў з’явіцца ў суд 9 верасня а 10:00 “для ўстанаўлення яму дадатковых абмежаванняў”.

Уладзімір Някляеў прыехаў да будынку суда, але не ўвайшоў унутр, а зрабіў заяву для журналістаў. Палітык лічыць, што ён можа не з’яўляцца ў суд, бо не мае адваката – ягоную адвакатку Тамару Сідарэнку пазбавілі ліцэнзіі.

Дадатковыя абмежаванні пры адбыцці пакарання суд Ленінскага раёну наклаў 9 верасня. Някляеву, у прыватнасці, забараняецца быць арганізатарам або ўдзельнікам масавых шэсцяў, дэманстрацыяў, пікетаў ці іншых масавых акцыяў. Ён не можа выязджаць за межы Менску без пісьмовага дазволу праваахоўных органаў і пакідаць Беларусь да заканчэння тэрміну пакарання. Акрамя таго, Някляеў абавязаны рэгістравацца ў праваахоўных органах на месцы жыхарства раз на тыдзень і быць дома штодня з 20-й вечара да 6-й раніцы.

Пра пастанову суда Уладзімір Някляеў даведаўся ад журналістаў. Каментуючы прынятае рашэнне, ён заявіў, што суд у дачыненні яго прыняў “наўпроставую забарону на прафесію”.

У той жа час суд адхіліў прапанову праваахоўных органаў забараніць Някляеву наведваць установы, дзе прадаецца алкаголь на разліў.

Ён заявіў, што мае намер удзельнічаць ва ўсіх акцыях, у якіх лічыць свой удзел мэтазгодным. “Ёсць рызыкі апраўданыя, а ёсць неапраўданыя. Што тычыцца маіх апошніх паездак за мяжу, у Літву і Польшчу, то гэта была апраўданая рызыка – тая рызыка, якая можа прынесці карысць Беларусі. Але як чалавек, за якога галасавала на прэзідэнцкіх выбарах шмат людзей, я не буду, не магу пераступіць праз іх і не сустракацца з імі. Таму давядзецца ўзважваць рызыкі”, – сказаў Някляеў.

Нагадаем, 20 траўня суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прысудзіў палітыка да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на два гады. Някляеў мусіць рэгулярна адзначацца ў міліцыі, вяртацца дадому не пазней за 22:00, інфармаваць міліцыю пра свае паездкі.

belsat.eu

Стужка навінаў