Палякі пляскалі ў ладкі на знак салідарнасці з беларусамі


У Варшаве адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы.

Беларусы Варшавы шэсцем пад бел-чырвона-белымі сцягамі аддалі даніну павагі тым, хто абараняў Беларусь на працягу ўсёй яе гісторыі.

Удзельнікі шэсця сабраліся ў цэнтры Варшавы ля помніка дэ Голю і прайшлі цэнтральнымі вуліцамі. На месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Булаховіча кіраўнік руху «Беларуская Нацыянальная Памяць» Анатоль Міхнавец выступіў з прамоваю, прысвечанай Дню Беларускай Вайсковай Славы.

З 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасня (1514 г.) адзначаюць як Дзень Беларускай Вайсковай Славы. Рух «Беларуская Нацыянальная Памяць» арганізоўвае святочныя шэсці ў польскай сталіцы з 2006 г. Большасць удзельнікаў акцыі – гэта студэнты, якія навучаюцца на праграме Каліноўскага.

Жыхары Варшавы віталі беларусаў сігналамі з машын і пляскалі ў ладкі ў знак салідарнасці і падтрымкі. На варшаўскіх вуліцах гучаў лозунг «Жыве Беларусь» на беларускай і польскай мовах.

Удзельнікі акцыі ўшанавалі хвілінаю маўчання пацяць ўсіх тых, хто аддаў свае жыцці за свабодную Беларусь, а таксама загінулых ў нядаўняй катастрофе ля Яраслаўля беларускіх хакеістаў.

beksat.eu

Стужка навінаў