У "чорных скрынях" Як-42 знайшлі запіс аварыйнага палёту


Пра гэта заявілі адмыслоўцы Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту (МАК). “Чорныя скрыні” самалёта Як-42, які разбіўся з камандаю хакеістаў ля Яраслаўля, расшыфроўваюць у маскоўскай лабараторыі.

“Вонкавы выгляд рэгістратараў і носьбітаў інфармацыі (магнітная стужка) здавальняльны. Магнітныя стужкі мокрыя. Пасля прасушвання стужак пачалі апрацоўваць наяўныя запісы”, – паведамілі агенцтву “Інтэрфакс-Захад” у МАК у пятніцу.

“Запіс аварыйнага палёту на носьбітах маецца”, – заявілі ў камітэце.

Чорныя скрыні Як-42 даставілі з Яраслаўля ў лабараторыю МАК у Маскву позна ўвечары ў чацвер. Уначы на пятніцу эксперты камітэту выявілі “чорныя скрыні” і прыступілі да іх расшыфроўвання.

МАК праводзіць тэхнічнае расследаванне катастрофы самалёта Як-42.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка Мінтрансу Валерый Акулаў паведаміў журналістам, што асноўныя часткі Як-42 вынялі з вады і расклалі на адмысловай пляцоўцы на тэрыторыі аэрапорту ля Яраслаўля для далейшай працы з імі.

Самалёт Як-42, на борце якога была каманда “Лакаматыў”, разбіўся пры ўзлёце з аэрапорту ля Яраслаўля 7 верасня. З 45 чалавек выжылі толькі двое: хакеіст Аляксандр Галімаў і чалец экіпажу Аляксандр Сізоў. Сярод загінулых – легенда беларускага хакею, капітан Нацыянальнай зборнай Руслан Салей, а таксама хакеісты Сяргей Астапчук і Мікалай Крываносаў.

belsat.eu

Стужка навінаў