За месяц да Народнага сходу


Арганізатары плануюць запрасіць прадстаўнікоў гарадскіх адміністрацыяў і ставяць мэту – трансфармаваць сацыяльна-эканамічную незадаволенасць грамадства ў палітычныя патрабаванні.

Пра гэта паведаміў пасля арганізацыйнага паседжання адзін з ініцыятараў акцыі, Віталь Рымашэўскі: “Мы хочам, каб людзі зразумелі, што без дакладных палітычных патрабаванняў ніякіх зменаў да лепшага не будзе. У тым ліку і ў эканоміцы”, – кажа ён.

Палітык не можа прагназаваць колькасці ўдзельнікаў народных сходаў, аднак заяўляе, што аргкамітэт падрыхтаваны да любой колькасці. Паводле спадара Рымашэўскага, улады мусяць дазволіць правядзенне акцыяў.

“Як паказвае прыклад Лівіі або Егіпту, праз задушэнне народных пратэстаў улады не могуць утрымацца. Яны мусяць разумець, што народ мае права голасу”, – упэўнены ён.

У сваю чаргу яшчэ адзін з арганізатараў, Сяргей Калякін, лічыць, што ўлады баяцца Народнага сходу. “Яны непакояцца, што разваліцца іхны міф аб 80 %. А такі шанец ёсць, бо людзі проста абураныя сітуацыяй. Таму цяпер у дзяржаўных медыях няма ніякай інфармацыі пра нашую акцыю. Бо нават негатыўная інфармацыя можа зацікавіць людзей”, – кажа палітык.

“Белсат” жа замоўчваць інфармацыі не будзе. Паводле папярэдняга плану, Народны сход пройдзе 8 кастрычніка ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Ва ўсіх месцах ён распачнецца ў адзін і той жа час – а 13-й гадзіне.

Гарады, у якіх вызначыліся з месцамі прывядзення Народнага сходу:

Менск – плошча Бангалор;

Горадня – стадыён “Нёман”;

Берасце – Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў;

Віцебск – вул. Багдана Хмяльніцкага д. 2-4;

Магілёў – вул. Чалюскінцаў, 64В;

Гомель – пляцоўка ля Дому культуры “Віпра”, вул. Юбілейная, 48;

Салігорск – стадыён “Будаўнік”;

Барысаў – гарадскі стадыён;

Вялейка – гарадская танцпляцоўка;

Смалявічы – школьны стадыён на вул. Жодзінскай;

Ліда – Курган Славы;

Слонім – гарадскі парк;

Ворша – гарадскі стадыён;

Полацак – пляцоўка ля кінатэатру “Радзіма”;

Наваполацк – пляцоўка ля гарадскога Палацу культуры;

Бяроза – гарадскі цэнтральны стадыён;

Баранавічы – стары парк.

Месцы правядзення народных сходаў у Рэчыцы, Жлобіне, Светлагорску, Рагачове, Мазыры, Глыбокім, Кобрыне, Жодзіне ды Івацэвічах вызначацца на наступным тыдні.

belsat.eu

Стужка навінаў