Аляксандр Лукашэнка: У апазіцыянераў менш за 1% падтрымання


Паводле Аляксандр Лукашэнкі, у Яраслава Раманчука “смешная” праграма, а Уладзіміра Някляева ведаюць толькі 0,3% беларусаў.

“Я вам клянуся самым дарагім, што ў мяне ёсць, у іх тактыка – як цяпер зваліць з гэтых выбараў”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю польскім медыям пра сваіх патэнцыйных канкурэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах. Спасылаючыся на звесткі “закрытага даследавання” рэйтынгу палітыкаў, Лукашэнка дадаў, што ў “Саннікава прочырк стаіць – на ўзроўні арыфметычнай памылкі, а ў Някляева – 0,3%”.

Тым часам, паводле даследаванняў НІСЭПД, менавіта рэйтынг дзейснага прэзідэнта падае, і за яго гатовыя прагаласаваць 43,6% апытаных. За Уладзіміра Някляева пагадзіліся аддаць свае галасы 5,1% апытаных, аднак у апошнім выпадку праглядаецца пазітыўная дынаміка – паводле папярэдніх апытанняў за Някляева аддалі б свой голас толькі 1,6%.

У інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў пра Яраслава Раманчука. Паводле Лукашэнкі, Раманчука “нядаўна ламалі” Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў, каб той зняўся з выбараў на іхную карысць. “Ён малады чалавек, ён выступае са сваёй эканамічнай праграмаю, ён за яе ратуе. Яна, з майго пункту гледжання, смешная, але ён шчыра ў яе верыць. Ну што ж, я паважаю гэта. Так яны пачалі яго ламаць: цябе ў рэйтынгу няма, давай здымайся”, – заявіў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў