Вольга Бандарэнка: Лепш бы нашым мужчынам уручалі іншыя прэміі


Польскі дэпутат Марэк Мігальскі вылучыў беларускага палітвязня Змітра Бандарэнку на прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”.

“Я вельмі ганаруся Дзімам. Сёння мяне ўсе віншуць з гэтай нагоды. А я адразу ж пабегла на пошту і даслала мужу ліст з трыма клічнікамі. Заўтра дашлю тэлеграму, каб ён хутчэй даведаўся, што яго вылучылі на такую прэстыжную ўзнагароду”, – распавяла “Белсату” жонка вязня Вольга Бандарэнка. Яна гаворыць, што такія праявы салідарнасці з беларускімі палітвязнямі вельмі важныя: “Але лепш бы ў нас у краіне ўсё было добра, каб нашым мужчынам уручалі іншыя прэміі”.

Вестак з калоніі ад Змітра Бандарэнкі Вольга ўжо даўно не атрымлівала. Згубіўся недзе і ліст, які кіраўніцтва калоніі даслала жонцы вязня яшчэ 1 верасня. У ім афіцыйнае пацверджанне, што Зміцер Бандарэнка прыбыў у калонію, а таксама пералік таго, што вязень можа атрымліваць ад родных.

Прэмія Еўрапейскага парламенту імя Андрэя Сахарава была заснаваная ў 1998 г. Узнагарода мае назву “За свабоду думкі” і ўручаецца “за дасягненні ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама за павагу міжнароднага заканадаўства і развіццё дэмакратыі”. Зміцер Бандарэнка, каардынатар “Еўрапейскай Беларусі”, чалец перадвыбарчага штабу Андрэя Саннікава, асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за падзеі 19 снежня, можа стаць трэцім лаўрэатам гэтай узнагароды ў нашай краіне. Раней прэмію імя Андрэя Сахарава атрымлівалі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў