Алена Ліхавід: У карцары мой сын спаў на голай падлозе


Днямі маці палітвязня атрымала ліст ад Мікіты, які ўжо больш за месяц застаецца ў памяшканні камернага тыпу.

Як распавяла спадарыня Ліхавід “Белсату”, Мікіта, як звычайна, не скардзіцца ні на ўмовы ўтрымання, ні на здароўе: піша, што ў яго ўсё добра. “Калі сын трапляе ў турму, пачынаеш радавацца самым элементарным рэчам – што ён мае магчымасць чытаць кнігі ды прэсу, пісаць лісты, што спіць на матрацы. У ШЫЗА ён усяго гэтага быў пазбаўлены і месяц пакарання спаў на голай падлозе”, – гаворыць Алена Ліхавід. Яна гаворыць, што падрабязнасці пра ўтрыманне сына ў карцары ёй сталі вядомыя выпадкова, бо сам Мікіта, каб не засмучаць маці, нічога ёй не распавядае.

З перавагаў перабывання ў карцары Алена Ліхавід адзначае тое, што ейнаму сыну дазволена набываць у турэмнай краме харчоў на 35 000 руб. на месяц. Але адразу ж дадае, што на гэтыя грошы за цяперашнія кошты набыць можна хіба цюбік зубной пасты. “Нават і на тыя 170 000 руб., што дазволена выдаткоўваць тым, хто не парушае рэжыму, асабліва не разгонішся – палка кілбасы ў турэмнай краме каштуе пад 100 000 руб.”, – зазначае яна.

Алена Ліхавід наведала Дэпартамент выканання пакаранняў з просьбаю падвысіць зняволеным грашовыя нормы на закупы. Але чыноўнікі ёй паведамілі, што нормы могуць змяніцца пасля падпісання ўказу прэзідэнтам. А да таго адпаведныя змены маюць быць унесеныя ў закон і зацверджаныя дзвюма палатамі беларускага парламенту. “Карацей, гэта доўгая песня. Іх там зусім не цікавіць, што людзі, няхай і за кратамі, зведзеныя да стану рабоў. А ёсць жа вязні, якім з дому не дасылаюць ні грошай, ні пасылак. Яны вымушаныя існаваць на тыя грошы, што атрымліваюць за працу ў калоніі. А якія там заробкі, вы ж ведаеце, у найлепшым выпадку 5000–7000 руб.”, – абураецца жанчына.

У дваццатыя дні верасня Алена Ліхавід збіраецца наведаць сына – Мікіту дазволілі адно кароткатэрміновае спатканне са сваякамі. З памяшкання камернага тыпу вязень выйдзе ў кастрычніку. Звяртацца з прашэннем аб памілаванні хлопец не збіраецца. “Навошта невінаватаму памілаванне – не бачу логікі?” – напісаў Мікіта ў лісце да маці.

Актывіст руху “За свабоду” Мікіта Ліхавід за ўдзел у падзеях 19 снежня быў асуджаны на тры з паловаю гады калоніі строгага рэжыму. Дасылаць яму лісты можна на адрас: 211440, Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК № 10.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары