Цукар падаражэе адразу на 20 %


Гэта здарыцца паслязаўтра, 10 верасня.

Павышэнне цаны прадугледжвае пастанова Міністэрства эканомікі № 145 ад 5 верасня 2011 года, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Лімітавая максімальная рознічная цана на расфасаваны цукар складзе 6000 рублёў за кг (раней 5000), на цукар вагавы, упакаваны ў мяшкі ад 25 да 50 кг, – 5500 рублёў (раней 4600).

Раздробныя цэны на цукар-пясок белы без дадаткаў фармуюць пастаўнікі з улікам кан’юнктуры рынку, але не вышэй за ўсталяваныя максімальныя раздробныя кошты.

Юрыдычныя асобы ды індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць аб’екты гуртовага, раздробнага гандлю і грамадскага харчавання, мусяць правесці паводле стану на 10 верасня 2011 г. пераацэнку рэшткаў цукру-пяску белага без дадаткаў.

Гэта ўжо чацвёртае павышэнне цэны на цукар сёлета: у студзені ды лютым ён падаражэў на 10 %, у траўні – амаль на 40 %.

У сувязі з чуткамі пра павелічэнне цаны на цукар улетку назіраўся ажыятажны попыт на гэты прадукт. Улады паабяцалі, што цукар не будзе даражэць да пачатку перапрацоўвання новага ўраджаю цукровых буракоў, масавая ўборка якіх пачалася ў верасні.

belsat.eu

Стужка навінаў