Ярмошына: Парламенцкіх выбараў увесну не будзе


Хутчэй за ўсё, яны пройдуць у сярэдзіне верасня 2012 г. Выдаткі на правядзенне сфармуюць з разліку адзін долар на аднаго выбарніка.

Пра гэта заявіла ў інтэрв’ю агенцтву “Интерфакс-Запад” старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

“Апошняя магчымая дата парламенцкіх выбараў, у першую чаргу ў Палату прадстаўнікоў, 23 верасня 2012 г. Калі выбары будуць прызначаныя на гэтую крайнюю дату, то яны мусяць быць прызначаныя не пазней за 23 чэрвеня”, – адзначыла кіраўніца беларускага ЦВК.

На погляд арганізатараў, сказала Ярмошына, “зручней за ўсё праводзіць выбары позняю вясною, задзеяўшы школы, педагогаў перад адпачынкавым часам”. “Але ёсць супрацьлеглае меркаванне кіраўніцтва цяперашняга парламенту, якое, хутчэй за ўсё, будзе прынятае пад увагу. Там лічаць, што нельга праводзіць выбары ў Палату прадстаўнікоў вясною, раздзіраючы выбары ў Савет Рэспублікі, якія павінны прайсці ўвосень”, – адзначыла старшыня ЦВК.

Паводле яе, “улічваючы, што апошнім часам парламенцкія выбары ў нас праходзяць увосень і гэта не выклікае аніякіх праблемаў, то, думаю, трэба прывязвацца да крайняй даты выбараў”. “Можа, гэта будзе не 23 верасня, а на тыдзень раней, дапусцім, 16 верасня. Думаю, што можна казаць пра сярэдзіну верасня, сур’ёзна варыянт перанясення выбараў на больш раннія тэрміны ўжо не разглядаецца”, – заявіла Л. Ярмошына.

belsat.eu

Стужка навінаў