Генпракуратура: Сілавікоў, якія заміналі журналістам, пакараюць


Прозвішчы не называюцца.

Сілавікоў, якія заміналі журналістам асвятляць несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці, зазначыў начальнік упраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Павел Радзівонаў. Пра гэта ён заявіў 8 верасня на брыфінгу ў Менску, паведамляе агенцтва “Интерфакс-Запад”.

Чыноўнік, аднак, адмовіўся ўдакладніць імёны працаўнікоў, якіх пакараюць, але заўважыў, што гэта – “не нейкія безасабовыя людзі”.

Радзівонаў нагадаў, што сёлета ўлетку пракуратура вынесла акты пракурорскага нагляду, звязаныя з рэалізацыяй правоў журналістаў на асвятленне масавых акцыяў. У прыватнасці органы пракуратуры запатрабавалі не дапускаць парушэння правоў журналістаў пры ажыццяўленні імі прафесійнай дзейнасці. Пракуратура нагадала службоўцам органаў унутраных справаў пра важнасць няўхільнага выканання заканадаўства аб СМІ.

Паводле Радзівонава, МУС прызнала абгрунтаванымі патрабаванні Генпракуратуры. “Вінаватыя службовыя асобы панеслі дысцыплінарныя спагнанні”, – дадаў ён.

Акрамя таго, прадстаўнік МУС паведаміў, што прапрацоўваецца пытанне аб сустрэчы на базе Міністэрства інфармацыі працаўнікоў МУС, Генпракуратуры і журналістаў. На спатканні абмяркуюць выкананне заканадаўства аб СМІ. “Я думаю, што комплекс захадаў, які мы праводзім, дасць магчымасць у далейшым пазбегнуць любых канфліктных сітуацыяў, звязаных з ажыццяўленнем журналісцкай дзейнасці”, – рэзюмаваў Радзівонаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары