Варывода: Да канца года курс долара складзе Br 6–7 тыс.


Пробныя гандляванні на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) мусяць пачацца сёння, 8 верасня, а 15:00.

Адкрыццё дадатковай сесіі на БВФБ і мэтанакіраваная праца Нацбанку і ўраду дзеля стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку дасць магчымасць да канца года знізіць рынкавы курс беларускага рубля да долара да ўзроўню Br 6–7 тыс. / $ 1, заявіў намеснік старшыні праўладнай Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Сяргей Варывода.

Ён прызнаў, што на пачатковым этапе пасля адкрыцця дадатковай сесіі курс беларускага рубля да долара будзе спекуляцыйны, паколькі сфармуецца з улікам адкладзенага попыту суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва.

Тэставыя гандляванні ўжо вядуцца, але сёння іх плануюць правесці “з прыцягненнем шырокага кола ўдзельнікаў”. Даты адкрыцця паўнавартаснай дадатковай сесіі пакуль не абвяшчаецца. У якасці найбольш імавернай называюць 15 верасня. Пра адкрыццё дадатковай сесіі заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 30 жніўня.

Пры гэтым эканаміст Сяргей Чалы адзначае, што долар на чорным рынку пачаў таннець. „Гэта будзе нейкая карэкцыя пасля таго рэзкага ўзлёту, які адбыўся прыкладна з узроўню 6500 руб., які шмат у чым быў звязаны з чаканнямі „гульцоў” адносна таго, што нешта сур’ёзнае на валютным рынку можа адбыцца. Адпаведна адбыўся часовы дысбаланс, калі прадаўцы проста рэзка зменшылі прапанову продажу, чакаючы, што курс будзе большы. Навошта прадаваць тое, што заўтра можа стаць даражэй?” – каментуе ён сітуацыю.

Са словаў эканаміста, два тыдні таму з’явіліся першыя прыкметы таго, што чорны курс мусіць зніжацца. Прычына – аб’ём прапановы замежнай валюты пачаў перавышаць попыт, што адбылося ўпершыню за два тыдні вертыкальнага росту. „Відавочна, гэта азначала, што калектыўны розум „гульцоў” на чорным рынку прыйшоў да высновы: гэта ўжо вяршыня, і неабходна ўжо фіксаваць прыбытак, зароблены за час росту. Таму я думаю, што патэнцыял зніжэння яшчэ ёсць”, – дадаў Чалы.

„Я думаю, рост быў шмат у чым звязаны з чаканнямі таго, што могуць быць прынятыя нейкія радыкальныя рашэнні. Нам ужо некалькі тыдняў як абяцалі канчатковае развязанне валютнага пытання, нейкае рашэнне, якое развяжа ўсе праблемы, што валюта зноў з’явіцца ў абменніках, што курс будзе вызначацца попытам і прапановаю і г. д. А калі прыкладна паўтара-два тыдні таму аказалася, што гэта рашэнне адкладваецца, што яно будзе не настолькі радыкальнае, гэта, хутчэй за ўсё, перашкодзіла натуральнаму працэсу зніжэння, які адбыўся б і так, без жадання ўладаў, без іхнага нейкага ўмяшання”, – адзначыў эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў