ХК "Дынама" (Менск) спачувае сваякам загінулых хакеістаў “Лакаматыва”


Пра гэта паведаміў на экстраннай прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар клубу Аляксей Торбін.

“Ад усяго клубу хацеў бы выказаць глыбокія спачуванні родным загінулых. Хакейная каманда “Лакаматыў”, мы яе добра ведалі, гэта была адна з наймацнейшых камандаў Кантынентальнай хакейнай лігі, і ў беларусаў была асаблівая цікавасць да гульняў з гэтым сапернікам. Шмат каго з хлопцаў мы вельмі добра ведалі, сярод загінулых ёсць высокапрафесійныя хакеісты. Мы вельмі смуткуем. Мы ўспрынялі гэту інфармацыю як шок”, – сказаў Торбін.

Яраслаўскую каманду чакалі ў Менску прыкладна а 17.00, “Лакаматыў” меўся згуляць з “Дынама” 8 верасня. Як фармальна развяжацца вынік сустрэчы: тэхнічнаю паразаю ці інакш – паведаміць пазней КХЛ, дадаў Торбін.

“Літаральна за дзве гадзіны да катастрофы спартовы дырэктар Ігар Матушкін размаўляў з Русланам Салеем, ён сказаў, што яны вылятаюць. Але, на жаль, мы чакаем дадатковай інфармацыі, – адказаў Аляксей Торбін на пытанне пра лёс беларускага хакеіста Руслана Салея. – Ён тэлефанаваў, папрасіў білеты на матч, чыста тэхнічнае пытанне… настрой быў добры”.

“Будзем ладзіць жалобныя мерапрыемствы, у тым ліку, напэўна, ускладанне кветак на “Менск-Арэне” і да пасольства Расейскай Федэрацыі. Найбліжэйшым часам арганізуем гэтыя мерапрыемствы”, – паведаміў генеральны дырэктар “Дынама”.

Самалёт, які перавозіў у Менск расейскую каманду, разбіўся сёння пры ўзлёце побач з аэрапортам “Тунашна” ў Яраслаўскай вобласці. Паводле звестак МНС РФ, лятак Як-42 упаў на зямлю а 16:05 паводле маскоўскага часу з невялікай вышыні за два кіламетры ад лётнішча і загарэўся. Адна частка фюзеляжа ўпала ў Волгу. Прычына авіякатастрофы пакуль невядомая.

Паводле апошніх звестак, на борце былі 45 чалавек: 37 пасажыраў і восем чальцоў экіпажу. Згодна з наяўнай інфармацыяй, дваіх удалося выратаваць – іх даставілі ў больніцу. З Волгі дасталі целы 26 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў