Шапіра: Трэба падняць кошты, каб павысіць заробкі бюджэтнікам


Кіраўнік Гарадзенскай вобласці прапануе павысіць выплаты бюджэтнікам коштам 10-адсоткавага павелічэння цэнаў на паліва, цыгарэты і алкаголь.

“Гарадзенская вобласць гарэлку, цыгарэты і паліўна-змазачныя матэрыялы прадае на суму каля 2 трлн руб. Павелічэнне коштаў на 10 % дасць каля 200 млрд руб. дадатковага прыбытку ў бюджэт – яго можна будзе пераразмеркаваць на падтрыманне тых катэгорыяў грамадзянаў, якім гэта асабліва неабходна”, – заяўляе чыноўнік.

Незалежныя эксперты ў сваю чаргу негатыўна ацэньваюць намер уладаў павялічыць выплаты сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва, а таксама бюджэтнікам. Бо каб спыніць інфляцыю, трэба скараціць грашовую масу – не друкаваць грошай і не павышаць заробкаў.

Але чыноўнікі гэтага зрабіць не могуць, бо трэба падтрымліваць імідж “сацыяльна абароненай дзяржавы”. Паўстае замкнёнае кола – павышаюць выплаты, адпаведна трэба будзе павышаць і кошты. Калі сёння ўрад выплаціць усім пенсіянерам і бюджэтнікам 500 тыс. руб. кожнаму, як гэта абяцаў Лукашэнка, грашовую масу трэба павялічыць прыкладна на 20 %.

Аднак фінансавы аналітык Сяргей Чалы звяртае ўвагу на тое, што першапачаткова грошы на сацыяльную дапамогу меліся браць з адмысловага фонду. “Пры нармальнай эканамічнай сістэме трэба змяншаць прыбыткі ў такой складанай сітуацыі, а ўлады дагэтуль спрабуюць псіхалагічна супакоіць народ смешнымі сумамі, якіх хапае на тое, каб адзін раз схадзіць у краму. Гэта такія рытуальныя дзеянні чыноўнікаў, каб засведчыць, што дзяржава па-ранейшаму дапамагае сацыяльна неабароненым людзям. Аднак катэгорыя “неабароненых” увесь час змяняецца і скарачаецца, бо нават на гэта сродкаў не хапае”, – заявіў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў