Праваабаронца: У калоніях да людзей ставяцца як да жывёлаў


https://youtu.be/ERV9GpNQQkY
https://youtu.be/07PZ16gfZWQ
Праваабаронца: У калоніях да людзей ставяцца як да жывёлінаў

Найбольш палітычных вязняў – на Магілёўшчыне.

“Стаўленне да людзей бесчалавечнае – не як да людзей, а як да жывёлы, якую пазбавілі свабоды. На шмат якіх фермах Рэспублікі Беларусь жывёліны жывуць лепш, чым вязні гэтых калоніяў”, – гаворыць Уладзімір Краўчанка з Магілёўскага праваабарончага цэнтру.

“Створаная грамадска-назіральная камісія – але, на жаль, за чатыры гады існавання гэтай камісіі толькі ў Бабруйскай калоніі дапусцілі нашых прадстаўнікоў наведаць камеры, дзе месцяцца штрафныя ізалятары. Прычым усё, што яны пабачылі, можна прыраўняць да катаванняў. Усё гэта супярэчыць мінімальным стандартным правілам, прынятымі еўрапейскімі краінамі адносна стаўлення да зняволеных. Ні ў 19-ты, ні ў 15-ты, ні ў 4-ты штрафны ізалятар нашых прадстаўнікоў не дапускаюць”, – дадаў Краўчанка.

“На сённяшні дзень найбольшая колькасць палітзняволеных у Магілёўскай вобласці (13 чалавек). Таму трэба працаваць далей – пакуль апошні палітвязень не выйдзе, мы не мусім разнявольвацца. Больш за тое: скажу, што пасля вызвалення таксама нам не варта разнявольвацца, бо ўмовы ўвогуле не змяняюцца. Сёння, напрыклад, не будзе палітвязняў, а заўтра яны зноў могуць з’явіцца. Нам трэба працаваць на нейкія сістэмныя змены”, – адзначыў Аляксей Колчын, каардынатар Грамадскага абласнога камітэту салідарнасці з палітычнымі зняволенымі, які ў Магілёве стварылі праваабаронцы.

Ужо не першы раз пацвярджаецца факт збівання палітвязняў у калоніях. Гэтым разам стала дакладна вядома, што 27 ліпеня ў памяшканні камернага тыпу працаўнікі калоніі жорстка збілі шасцярых зняволеных. Двух завезлі ў гарадскі шпіталь, аднаго з іх – на насілках. Астатнім пацярпелым дапамогу аказвалі ў калоніі.

1 жніўня ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам Юрыя Лінгі, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калоніі. Ён распавёў, што са збіваннем сутыкнуўся практычна адразу пасля прыбыцця ў калонію ў жніўні 2010 г. Яго самога збілі беспадстаўна і доўга не давалі лекаў, хоць яны яму жыццёва неабходныя пасля выдалення шчытападобнай залозы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары