Кошты на чыгунцы павысіліся на 20%


Такое рашэнне прыняло Міністэрства эканомікі. Датычыць яно перавозкі пасажыраў і багажу чыгункаю па Беларусі.

Паводле дакументу, кошт праезду пасажыраў унутры краіны падаражае на 20%. Напрыклад, калі да 5 лістапада кошт праезду без камісійных збораў у плацкартным вагоне цягніка №306 Вільня–Магілёў складаў 13 140 руб., а цягніка №616 Горадня–Гомель па маршруце Менск–Гомель – 16 080 руб., то пасля павышэння пасажыр заплаціць за праезд адпаведна 15 740 руб. і 19 720 руб.

Большасць квіткоў падаражэла на 2–4 тыс. руб. Пры гэтым аматары лецішчаў могуць не хвалявацца: білеты на дызелі і электравікі будуць прадавацца па старым кошце. Дарэчы, з 12 лістапада электравікі пачнуць хадзіць па зімовым раскладзе.

Прэс-служба ДА “Беларуская чыгунка” паведамляе: “Павышэнне коштаў на праезд – патрэба часу. Апошні раз кошт праезду на пасажырскія перавозкі ўнутры краіны павышалі ажно чатыры гады таму – 25 лістапада 2006 г. За гэты час заробкі, пенсіі ды стыпендыі павышаліся некалькі разоў, таму мы разлічваем, што пасажыры нармальна ўспрымуць новыя кошты”.

Дарэчы, праезд унутры краіны ў Беларусі на 30% даражэйшы, чым ва Украіне, і на 15% даражэйшы, чым у Расеі. Апроч таго, у Беларусі да гэтага часу захоўваецца разлік коштаў паводле колькасці станцыяў. У той час як у нашых суседзяў кошт шляху прапарцыйны адлегласці: чым далей едзеш, тым танней плаціш за кожны кіламетр.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары