Крэмль збіраецца не абараняць, а “мачаць” улады Беларусі


Масква яшчэ не вырашыла, ці будзе яна абараняць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, калі паўторацца леташнія хваляванні ў Менску. Нягледзячы на тое, што сам кіраўнік Беларусі паспяшаўся намякнуць апанентам, што ў яго ёсць саюзнік у асобе АДКБ, піша газета “Известия”.

У Маскве не згодныя з заявамі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што дзяржавы Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы дамовіліся выкарыстоўваць калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР), каб прадухіляць дзяржаўныя перавароты, заявілі газеце ў Крамлі.

“Лідар Беларусі хоць і лічыцца саюзнікам Расеі, аднак ідэю дапамогі з боку АДКБ выкарыстаў у сваіх мэтах і вульгарызаваў”, – паведаміла крыніца ў расейскім урадзе. Паводле яе інфармацыі, “Масква яшчэ не вырашыла, ці будзе яна абараняць рэжым Лукашэнкі ў выпадку, калі паўторацца леташнія хваляванні ў Менску”.

30 жніўня Лукашэнка заявіў аб узгадненні пазіцыяў з Расеяй у пытаннях развіцця АДКБ, у тым ліку аб ужыванні КСАР дзеля прадухілення дзяржаўных пераваротаў. Словы прагучалі падчас сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам у Менску.

Бардзюжа ўдакладніў, што гаворка ідзе аб выкарыстанні патэнцыялу АДКБ для абароны канстытуцыйнага ладу, калі нацыянальныя сілы папросту не ў стане даць рады становішчу, калі сітуацыя не кантралюецца, існуе пагроза жыццю і бяспецы грамадзянаў, адбываюцца масавыя рабаванні ды марадзёрства, – тады АДКБ можа ўмяшацца. “Тое, што адбылося ў снежні 2010 г. у Менску, – унутраная справа дзяржавы”, – сказаў генеральны сакратар.

У Інстытуце сучаснага развіцця, які ачольвае Ігар Юргенс, таксама падтрымліваюць гледзішча Бардзюжы. Паводле Юргенса, “сілы АДКБ могуць прыцягвацца, калі існуе пагроза канстытуцыйнаму ладу і прэзідэнт краіны звяртаецца па дапамогу, то калегіяльны орган звяртае ўвагу на два параметры: ці можа дзяржава даць рады сітуацыі самастойна і ці не сфармаваная яна вонкавымі сіламі”. “У выпадку з Лукашэнкам ні першае, ні другое не адпавядае стану рэчаў. Задушэнне народных паўстанняў супярэчыць духу і літары дамоўленасцяў краінаў-удзельніц АДКБ”, – сказаў Ігар Юргенс.

Як заўважыў “Известиям” дарадца расейскай амбасады ў Беларусі Уладзімір Марчук, у Лукашэнкі дастаткова сілаў беларускага войска, каб перадухіліць любую “арабскую вясну”, а ягоная заява адносна АДКБ – усяго толькі прапагандысцкі выкрут, каб “паказаць важнасць Беларусі ды міжнароднае значэнне яе лідара”.

Аднак нягледзячы на палітычны лад у Менску, краіна застаецца саюзнікам Масквы. “Які б Лукашэнка ні быў, з ім давядзецца лічыцца”, – кажа крыніца газеты “Известия” ў Крамлі, дадаючы, што Міністэрства замежных справаў Расеі атрымала ўказанне ад кіраўніцтва краіны пастаянна “мачаць улады Беларусі”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары