Аляксандр Мілінкевіч у “Гарачым каментары”


Дапамагаць ці не Лукашэнку выходзіць з эканамічнага крызісу? Калі і дапамагаць, то на якіх умовах? Для вырашэнне гэтай дылемы кіроўныя вярхі Польшчы, якая старшынюе цяпер у Еўразвязе, сустрэлася з шасцю лідарамі беларускай апазіцыі. І пакуль апошнія выпрацавалі цэлы шэраг умоваў, пры якіх магчымы дыялог з афіцыйным Менскам, група сацыял-дэмакратаў на чале з Уладзімірам Ляўковічам выступіла з праграмным артыкулам у “Савецкай Беларусі”. Паводле публікацыі, з Лукашэнкам трэба размаўляць, нават калі ў турмах застаюцца палітвязні.

Лідар руху “За свабоду!” не згаджаецца са спадаром Ляўковічам і падкрэслівае, што ўжо выпрацаваная агульная пазіцыя ўсіх апазіцыйных партыяў і рухаў прысутных на сустрэчы ў Польшчы датычна правядзення перамоваў з уладамі. Вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў застаецца асноўнаю ўмоваю для дыялогу.

Паводле спадара Мілінкевіча, прэм’ер Дональд Туск і міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі падтрымліваюць гэтую пазіцыю. “Яны запэўнілі нас, што з боку Еўразвязу не будзе дыялогу з уладамі Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. У свой час Лукашэнка выпусціў 8 палітвязняў на чале з Казуліным – дзеля таго, каб пачаць дыялог”, – нагадвае палітык.

Лідар руху “За свабоду!” лічыць, што пакрокавы дыялог дапаможа захаваць эканамічную незалежнасць краіны і змяніць палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў