“План Маршала” для Беларусі


https://youtu.be/gDF2AHLGTBE
https://youtu.be/lDCb-mqvthc
Сёння прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў сустрэліся з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і міністрам замежных справаў Радославам Сікорскім.

Паводле лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, бакі дасягнулі паразумення ва ўсіх пытаннях: “Мы выступаем за наўпроставыя перамовы ўладаў і апазіцыі з ясным парадкам дня, у якім абавязкова прысутнічае пытанне правядзення вольных выбараў. Яны могуць адбыцца толькі пры ўмове адсутнасці палітычных вязняў у беларускіх турмах”, – кажа спадар Лябедзька.

Апазіцыя бачыць шанец на падобныя перамовы ў тым, што палітвязні – гэта не толькі праблема апазіцыі, але таксама і ўладаў. Пры палітычных апанентах за кратамі кіраўніку Беларусі застаецца мала прасторы для манеўру. Еўразвяз ужо неаднаразова падкрэсліваў неабходнасць вызваліць палітвязняў для аднаўлення паўнавартасных стасункаў.

“Мы з кожным годам адстаем, і сёння апазіцыя гатовая лабіраваць выдаванне Беларусі фінансавай дапамогі пры ўмове вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў. Пра гэта мы гутарылі з прэм’ерам Тускам і міністрам замежных справаў Сікорскім – яны таксама выступаюць за нейкі фармат “плану Маршала”, – заявіў спадар Лябедзька.

Да той пары, пакуль беларускі “план Маршала” не дзеіць, Польшча яшчэ раз пацвердзіла неабходнасць дапамогі для беларускіх незалежных медыяў, недзяржаўных арганізацыяў і рэпрэсаваных.

Адначасова старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначае, што прапанова лідара беларускіх сацыял-дэмакратаў Анатоля Ляўковіча аб безумоўным правядзенні перамоваў не мае сэнсу: “Гэтыя заявы адарваныя ад рэчаіснасці, бо перамовы любога фармату могуць адбыцца толькі пры двухбаковым жаданні. Калі ж у турмах будуць заставацца палітвязні, то не можна казаць аб паўнавартасным дыялогу”, – кажа Аляксей Янукевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары