Мілер: Украіна села ў цягнік пад назваю „танны расейскі газ”


Расея пачала пампаваць газ праз “Паўночную плынь”.

Чальцы расейскага ўраду запусцілі ў Выбарзе (Ленінградская вобласць) тэхналагічны газ у газаправод “Паўночная плынь” і зрабілі шэраг жорсткіх заяваў на адрас Украіны, працягнуўшы палеміку вакол кошту “блакітнага паліва” для гэтай дзяржавы.

Прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін сказаў, што з пачаткам паўнавартаснай працы “Паўночнай плыні”, запланаванай на кастрычнік-лістапад, ва Украіны “не будзе спакусы пакарыстацца сваім транзітным становішчам”. Паводле яго, Кіеў “губляе гэты эксклюзіў”, а таму расейска-ўкраінскія дачыненні “будуць набываць усё больш цывілізаваны характар”.

Кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер заявіў, што Украіна “села ў цягнік пад назваю “танны расейскі газ”, які можа завезці гэтую краіну ў тупік.

Пагадненне аб будаўніцтве “Паўночнай плыні” падпісалі ў пачатку верасня 2005 г. падчас візіту ў Нямеччыну Уладзіміра Пуціна, які ў той момант займаў прэзідэнцкую пасаду.

Газ па новым трубаправодзе будзе транспартавацца ў Нямеччыну і далей у іншыя еўрапейскія краіны ў абыход тэрыторыі Украіны ды Польшчы.

На фоне запуску “Паўночнай плыні” паміж Расеяй ды Украінаю развіваецца новы віток канфлікту вакол кошту расейскага газу.

Масква лічыць цану трэцяга кварталу гэтага года (355 долараў за тысячу кубаметраў) з улікам зніжкі справядлівай ды гатовая адстойваць свае інтарэсы ў судзе. Кіеў пераконвае, што нармальным коштам будзе 230 долараў за тысячу кубаметраў.

Згодна з планамі “Газпрому”, другую лінію падводнага газаправоду запусцяць налета.

belsat.eu

Стужка навінаў