У Беларусі хочуць увесці “каменданцкую гадзіну” для падлеткаў


У заканадаўства плануюць унесці папраўкі, якія прадугледжваюць адказнасць бацькоў або асобаў, якiя iх замяняюць, за прысутнасць дзяцей на вуліцы ўначы без суправаджэння дарослых.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 6 верасня намеснік начальніка аддзелу ўпраўлення прафілактыкі МУС Валерый Мялешка, цяпер працоўная група з дэпутатаў, прадстаўнікоў Савету Міністраў, МУС, Генеральнай пракуратуры, міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі абмяркоўвае папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Закон аб прафілактыцы падлеткавай злачыннасці і безнагляднасці ад 2003 года. Чакаецца, што Нацыянальны сход разгледзіць прапановы на восеньскай сесіі, і яны набудуць моц напрыканцы 2011 г. або на пачатку 2012 г.

Паводле Валерыя Мялешкі, вялікую праблему ў плане начных забаваў падлеткаў ствараюць сельскія клубы. У гарадах клубы належаць пераважна прыватным кампаніям, якія не рызыкуюць парушаць закон і не пускаюць няпоўнагадовых. Інакш ім пагражаюць сур’ёзныя штрафы і пазбаўленне ліцэнзіі.

А вось сельскія дамы культуры грашаць, заявіў прадстаўнік МУС. Паводле чыноўніка, “яны ўжо і скардзяцца на нас ды на пракуратуру, у іх, бачыце, заробку няма, заробак не можам плаціць”.

Згодна з папраўкамі, што прапаноўваюцца ў заканадаўства, дзецям да 14 гадоў забароняць з’яўляцца самым на вуліцы з 22-й да 6-й гадзіны, 14–16-гадовым – з 23-й да 6-й гадзіны. Аднак, падкрэсліў Мялешка, гэтыя часовыя інтэрвалы не канчатковыя.

Тым часам падлеткавая злачыннасць у Беларусі за апошнія 10 гадоў скарацілася на 40 %. Сёлета за восем месяцаў 2011 г. у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 г. колькасць здзейсненых падлеткамі злачынстваў скарацілася больш як на 20 %.

Мялешка паведаміў, што за восем месяцаў гэтага года падлеткі ўчынілі 3 122 злачынствы, 70 % з якіх – крадзяжы. Зарэгістравана адно забойства (у 2010 г. – сем), каля 20 фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

“Крадуць… Самы распаўсюджаны аб’ект злачыннага замаху – мабільныя тэлефоны, у тых жа дзіцячых аздараўленчых лагерах гэта асноўны біч”, – заявіў Мялешка.

belsat.eu

Стужка навінаў