Чаргавікам давядзецца будаваць камерцыйнае жытло


Умовы ільготнага крэдытавання найбліжэйшым часам зменяцца.

Урад распрацаваў праект адпаведнага ўказу, які запрапануюць на разгляд Аляксандру Лукашэнку, паведаміў журналістам 6 верасня намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін.

“Умовы ільготнага крэдытавання будуць адрознівацца ад папярэдніх”, – паведаміў віцэ-прэм’ер, аднак не сказаў, якія катэгорыі грамадзянаў выкрасляць са спісу ільготнікаў. “На прапанову ўраду, ранейшыя ўмовы захаваюцца для шматдзетных сем’яў і для катэгорыяў сацыяльна не абароненых грамадзянаў, улучаных ва ўказ прэзідэнта № 185”, – сказаў Калінін. Паводле яго, будуць даваць ільготны крэдыт пад 5 % на 20 гадоў.

Усе астатнія грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў і не ўвайшлі ў ільготную катэгорыю, будуць будавацца на агульных камерцыйных умовах.

Таксама запланаваныя новыя ўмовы для крэдытавання будаўніцтва жытла ў сельскай мясцовасці. Для мястэчак (да 20 тысяч жыхароў) замест раней зацверджанага крэдыту пад 1 % на 40 гадоў прапаноўваецца пад 3 % на 20 гадоў.

Пры гэтым Калінін паведаміў, што ўвогуле аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі ў 2012 г. знізіцца прыкладна на 20 % у параўнанні з 2011-м і складзе 5,7–5,8 млн кв. м. Ён прызнаў, што сёлета тэмпы будаўніцтва адстаюць ад запланаваных (7,5 млн метраў на год). Пры гэтым стаўку робяць менавіта на камерцыйнае жытло. Паводле апошніх звестак “Белстату”, у студзені–ліпені 2011 г. у Беларусі ўвялі ў строй 2 836 100 кв. м жылля, ці на 16,3 % менш у параўнанні з тым жа леташнім перыядам.

Паводле намесніка прэм’ер-міністра, у малых гарадах і абласных цэнтрах праблемаў няма – там пачынаюць будавацца, прастаяўшы ў чарзе ўсяго два гады. “У гэтых паселішчах чаканне ў чарзе будзе да пяці гадоў”, – сказаў ён. У сталіцы ж сітуацыя з чэргамі “застаецца складаная”: пачынаюць будаваць тыя, хто стаіць у чарзе з 1989–1990 гг.

Калінін таксама паведаміў, што „надзелы зямлі, якія сталі прадметам спекуляцыі, ужо канфіскоўваюцца і будуць адбірацца і надалей”.

Паводле яго, да нядаўняга часу „прарэхі ды дзіркі ў нарматыўных дакументах” дазвалялі атрымліваць і перапрадаваць зямельныя надзелы. У выніку “ў менчукоў у Менскім раёне больш за дзевяць з паловай мільёнаў квадратных метраў знаходзіцца ва ўласнасці, і ўсе яны стаяць на чарзе ў Менгарвыканкаме на пашырэнне, на будаўніцтва”, распавёў віцэ-прэм’ер.

Калінін нагадаў, што цяпер рыхтуецца ўказ аб вылучэнні зямельных надзелаў для тых, хто мае патрэбу. У дакуменце прапішуць крокі дзеля абароны ад спекулянтаў. У прыватнасці, прадаць надзел можна будзе толькі праз восем гадоў, а прасіць пра падаўжэнне тэрмінаў будаўніцтва – толькі з уважлівых прычынаў.

belsat.eu

Стужка навінаў