10 тысяч студэнтаў і школьнікаў заганяюць «на бульбу»


На збор ураджаю ў Гарадзенскай вобласці паедуць нават тыя, хто за навучанне плаціць.

У Камітэце сельскай гаспадаркі ды харчавання Гарадзенскага аблвыканкаму патлумачылі, што такая практыка існуе яшчэ з савецкіх часоў. “Паміж установамі адукацыі ды сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі падпісаныя дамовы, дзе пазначана, колькі дзяцей прыедзе на збор ураджаю. Больш за ўсё – школьнікаў, 5000 чалавек, але будуць і навучэнцы каледжаў, а таксама ўніверсітэтаў”.

Нічога заганнага ў такой практыцы гарадзенскія чыноўнікі не бачаць: “Найбольш дзяцей у нас з вёсак, дык пасля яны гэтую гародніну ад калгасу атрымліваюць у сталоўках. Тут выгада для ўсіх – і калгасу дапамога, і школе менш плаціць за харчаванне”.

У кіраўніцтве адукацыі пра збор гародніны ведаюць. На час грамадскіх працаў дзяцей вызваляць ад навучання. Але такая сітуацыя не задавальняе бацькоў. Як паведаміла “Белсату” маці навучэнкі Ваўкавыскага аграрнага каледжу Ніна Каляда, дзяцей працаваць на полі прымушаюць: “Мы не разумеем, чаму нашыя дзеці мусяць збіраць ураджай. Мы адпраўлялі іх вучыцца. А ўрэшце яны амаль задарма будуць працаваць у калгасах – ды яшчэ прапусцяць заняткі. Некаторыя навучаюцца на платным аддзяленні, але ўсё адно вымушаныя працаваць “на бульбе”.

Юрыстка Святлана Шлома кажа, што паводле закону адмовіцца ад прымусовай працы можна. “Трэба ўважліва чытаць дамову на навучанне і статус каледжу ці ўніверсітэту. Толькі калі такая праца прапісаная як вытворчая практыка, студэнт абавязаны паехаць “на бульбу”. У іншым выпадку – можна адмовіцца”.

belsat.eu

Стужка навінаў