Беларускія адмыслоўцы не ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях у Лівіі


Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных, каментуючы інфармацыю аб тым, што на баку Муамара Кадафі нібыта ваявалі беларускія снайперы.

“Мы ўпэўненыя, што адносна Беларусі дапушчаная памылка. Гэта не можа быць праўдаю. Нам абсалютна дакладна вядома, што беларускіх грамадзянаў са зброяй у руках у Лівіі не было”, – падкрэсліў Савіных.

6 верасня некаторыя медыі распаўсюдзілі заяву аднаго з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнай пераходнай рады Лівіі Абдэля Маджыда Ібрагіма пра тое, што ў баявых дзеяннях на баку Кадафі ўдзельнічалі грамадзяне іншых краінаў, у тым ліку беларусы. “Некаторыя крыніцы паінфармавалі нас пра тое, што прадстаўнікі лівійскага рэжыму даставілі сюды групу снайпераў розных еўрапейскіх нацыянальнасцяў, сярод якіх украінцы, беларусы і некаторыя іншыя. Згодна з атрыманаю намі інфармацыяй, група ўвайшла ў Лівію праз порт Нуфэйда ў Тунісе, перш як была перамешчаная ў Трыпалі”, – паведаміў ён.

Звесткі пра ўдзел беларусаў у ваенных дзеяннях і пра экспарт беларускай зброі ў зоны ваенных канфліктаў, у тым ліку ў Лівію, з’яўляліся ў медыях неаднаразова, і кожны раз афіцыйны Менск абвяргаў падобную інфармацыю.

Напрыклад, 2 верасня тэлеканал “Аль-Джазійра” апублікаваў здымкі, зробленыя ў разбураным будынку лівійскай выведкі ў Трыпалі. На адным з фота сярод тэчак з дакументамі на падлозе відаць каталог прадукцыі беларускай кампаніі пад назваю “Мадэрнізаваны ЗПРК “Тунгуска-7”. На падставе гэтага ў медыях выказваліся здагадкі пра магчымае выкарыстанне беларускай зброі ў ваенных дзеяннях.

belsat.eu

Стужка навінаў