Італія страйкуе


У Італіі распачаўся 8-гадзінны агульнанацыянальны страйк. Пратэстоўцы выступаюць супраць жорсткіх захадаў эканоміі, прапанаваных урадам. Гэтыя захады будуць абмяркоўвацца сёння ў італьянскім парламенце.

Улады Італіі праз жорсткія захады дзеля эканоміі спрабуюць даць рады запаволенаму эканамічнаму росту і рэкордным дзяржаўным пазыкам на 1,9 трлн еўраў. Урад Сільвіё Бэрлюсконі спадзяецца скараціць дзяржаўныя выдаткі на 45 млрд еўраў на год, пры гэтым прадугледжваецца падвышэнне падаткаў для шараговых грамадзянаў і ўвядзенне 5-адсоткавага “падатку салідарнасці” для тых, хто зарабляе больш за 90 000 еўраў на год. Акрамя таго, плануецца памяншэнне заробкаў высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і скарачэнне колькасці службоўцаў.

Гэты пакет захадаў станоўча ацаніла Еўракамісія, аднак ён выклікаў хвалю незадавальнення сярод апазіцыйных палітыкаў і шараговых грамадзянаў. Зрэшты, частка італьянцаў не задаволеная і рашэннем прафсаюзаў ды палітычных рухаў правесці страйк. “Я думаю, што няправільна гэтак рабіць. Існуе вялікі недахоп грошай – і ўрад робіць усё магчымае. Мы ж не можам застацца ўбаку ў гэты момант. Мы мусім закасаць рукавы і дапамагчы Італіі, нават калі мы не згодныя з захадамі дзеля эканоміі”, – заявіла адна з жыхарак Рыму.

belsat.eu
https://youtu.be/sfkVfSWiK2o

Глядзі таксама
Каментары