Катаванні ў калоніі: новыя сведчанні


Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” атрымала чарговае пацвярджэнне масавага збівання зняволеных у Івацэвіцкай калоніі № 5. Пра гэта паведаміў дырэктар “Платформы” Андрэй Бандарэнка.

Раней з просьбаю аб дапамозе звярнулася маці асуджанага Раміза Мамедава, які адбывае пакаранне ў гэтай установе. “На сёння не ўсе дэталі паведамлення ўдалося праверыць, аднак дакладна вядома, што 27 ліпеня ў памяшканні камернага тыпу працаўнікі калоніі жорстка збілі шасцярых зняволеных. Двух зняволеных завезлі ў гарадскі шпіталь, аднаго з іх – на насілках. Астатнім пацярпелым дапамогу аказвалі ў калоніі”, – паведаміў Бандарэнка.

“28 жніўня ўстанова “Платформа” звярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі, Дэпартамент выканання пакаранняў і ў кіраўніцтва ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных справаў з патрабаваннем правесці дэталёвую праверку гэтых фактаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Ніякіх адказаў мы не атрымалі, затое атрымалі пацвярджэнне фактаў збівання. Гэта стала вядома з ананімнага тэлефанавання ў рэдакцыю радыё “Свабода”. У тым, што зняволеных у Івацэвіцкай калоніі збілі, мы ні секунды не сумняваліся. Тэлефанаванне было яшчэ адным пацверджаннем”, – сказаў Бандарэнка.

“Платформа” рыхтуе чарговую адозву ў Генеральную пракуратуру з гэтай нагоды. “Два сігналы сведчаць пра тое, што факт збівання быў. Таму мы патрабуем ад Генеральнай пракуратуры правесці не праверку, а дэталёвае расследаванне гэтай справы”, – падкрэсліў Бандарэнка.

Ён адзначыў, што факт збівання Раміза Мамедава далучаны да звароту ў Камітэт супраць катаванняў ААН. “Калі найбліжэйшым часам не пачнецца расследаванне, давядзецца дадаваць да звароту і бяздзейнасць пракурорскіх органаў”, – сказаў дырэктар “Платформы”.

Паводле Бандарэнкі, сёння няма дакументальных сведчанняў таго, якія менавіта цялесныя пашкоджанні атрымалі асуджаныя, няма і пацверджання, што ў Мамедава была зламаная раменніца. “Адміністрацыя будзе рабіць усё, каб схаваць гэты факт, а Дэпартамент выканання пакаранняў не дазволіць нам наведаць калонію. Але самога факту збівання схаваць не атрымаецца, і мы прыкладзем максімум намаганняў, каб вінаватыя ў злачынстве апынуліся побач з тымі, каго яны катавалі”, – заявіў Бандарэнка.

1 жніўня ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам Юрыя Лінгі, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калоніі. Ён распавёў, што са збіваннем сутыкнуўся практычна адразу пасля прыбыцця ў калонію ў жніўні 2010 г. Яго самога збілі беспадстаўна і доўга не давалі лекаў, хоць яны яму жыццёва неабходныя пасля выдалення шчытападобнай залозы.

Паводле Лінгі, сёлета ў чэрвені зняволеныя запатрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі з нагоды кепскіх умоваў у калоніі. Сустрэча не адбылася, таму некаторыя яе ініцыятары абвесцілі галадоўку, пасля чаго іх жорстка збілі. Адзін з іх пасля гэтага ўспароў сабе жывот, а другі ледзь не памёр ад страты крыві.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары