Станіслаў Шушкевіч: Ад дыктатуры да дэмакратыі без кроплі крыві


“З боку апазіцыі ёсць пэўныя непаразуменні. Пра што могуць быць перамовы? Гаворка ідзе пра тое, што чалавек незаконна застаецца прэзідэнтам, – заявіў Станіслаў Шушкевіч. – Трэба, каб быў пераход да законнай дэмакратычнай улады, каб не стварыўся вакуум ўлады, каб не было помсты, каб нармалізаваць сітуацыю”.

Станіслаў Шушкевіч таксама падкрэсліў, што перамовы апазіцыі ды ўладаў немагчымыя, пакуль у Беларусі ёсць палітычныя вязні. Таксама, на думку палітыка, шэраг высокіх дзяржаўных чыноўнікаў мусяць пакінуць свае пасады, каб распачаўся дыялог. “Ніякіх ярмошыных, ніякіх лазавікоў ды іншага зброду ў кіроўных колах. Калі яны будуць адкінутыя – усё будзе лагічна і паслядоўна, калі гэтыя месцы зоймуць нармальныя людзі”, – заявіў Шушкевіч.

Умову аб вызваленні палітвязняў называе абавязковаю большасць лідараў дэмакратычнай апазіцыі. Але ёсць і пэўныя рознагалоссі адносна таго, як мае выглядаць гэты дыялог і наколькі апазіцыя мае пайсці насустрач уладам. “Вы ведаеце, я здзіўлены: я люблю паэта Някляева, я паважаю кандыдата на прэзідэнта Някляева, але калі ён гаворыць, што Лукашэнку можна дапусціць на саміт Еўропы, то, прабачце, дзе ж тут логіка? Дапусціць на саміт Еўропы таго, хто збівае мірных дэманстрантаў, зневажае Канстытуцыю, – нельга”, – заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Станіслаў Шушкевіч таксама падкрэсліў, што на такіх умовах дыялог можа прывесці да пазітыўных зменаў. “Я думаю, што мы пакажам прыклад, як перайсці ад дыктатуры да дэмакратыі без кроплі крыві”, – дадаў палітык.

29 жніўня на педагагічнай нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка прапанаваў “усім людзям з цвярозым розумам, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагеру яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць дзеля эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне”. “Хочаце змагацца – калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце, што маеце рацыю, адстойвайце сваё гледзішча”, – дадаў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў