Грошы, якія нічога не каштуюць


Банкі за мяжою прапануюць долары за 9400–27 800 беларускіх рублёў. Праз валютны крызіс у Беларусі гэта ледзь не адзіная легальная магчымасць абмяняць беларускія грошы на валюту.

У абменным пункце банку “Цытадэль” (раней “Парэкс”), які працуе ўдзень і ўначы на чыгуначным вакзале Вільні, увечары 5 верасня долары можна было прадаць за 8510 і купіць за 9400 руб., еўры – адпаведна за 12 200 і 13 300 руб. У “Медычным банку” на аўтавакзале, што месціцца побач, крос-курс складаў 8432–9404 руб. за долар і 12 031 – 13 308 руб. за еўра.

Гэтыя курсы прыкладна адпавядаюць каціроўкам беларускага чорнага наяўнага рынку і курсам пераліку кошту тавару прадпрымальнікамі.

У банках Латвіі набываць долар значна даражэй, а прадаваць – нашмат танней. 5 верасня курс куплі наяўнага долара ў банку “Норвік” складаў 4873 руб., продажу – 14 912. Безнаяўныя аперацыі банк праводзіць паводле дамоўнага курсу.

Крыху меншая маржа ў латвійскім аддзяленні шведскага “СЭБ-банку”: 5103 пры куплі, 13 703 пры продажы для аперацыяў з доларам і 7251 і 19 332 руб. пры аперацыях з еўрамі. Аперацыі ажыццяўляюцца з безнаяўнаю валютаю.

Банк “Рыетуму” купляе безнаяўныя долары за 9600 і прадае за 10 200 руб., еўра – адпаведна за 13 447 і 14 550 руб.

У Маскве “Эсідбанк” купіць долары за 7357 і прадасць за 14 773 руб., а “Інвестыцыйны саюз” – за 5118 і 27 848 руб.

Афіцыйны курс ж долара да беларускага рубля на 6 верасня складае 5186 руб. У сувязі з абмежаваннем адхілення курсу +/- 2 % айчынныя банкі не могуць выставіць курсу продажу вышэй за 5290. Валюты ў абменных пунктах па-ранейшаму няма.

belsat.eu

Стужка навінаў