БРСМ будзе пераймаць досвед у кітайцаў


Арганізацыя падпісала пагадненне з Усекітайскаю федэрацыяй моладзі – апірышчам Камуністычнай партыі КНР.

Паводле прэсавага сакратара БРСМ Таццяны Пашкевіч, прыярытэтамі развіцця ўзаемнага супрацоўніцтва стануць пашырэнне сяброўскіх сувязяў, інфармацыйны абмен у сферы моладзевай палітыкі. “Апроч таго, мы будзем арганізоўваць супольныя патрыятычныя праекты, развіваць валанцёрскі рух і моладзевае прадпрымальніцтва”.

Цікава, што на сайце Усекітайскай федэрацыі моладзі асноўнымі задачамі арганізацыі акрэсліваюцца: “забяспечваць вывучэнне сябрамі марксізму-ленінізму, ідэяў Маў Цзэдуна і тэорыі Дэн Сяўпіна, выхаванне ідэйных і дысцыплінаваных чальцоў сацыялістычнага грамадства, іхны ўдзел у сацыялістычнай мадэрнізацыі краіны, а таксама абараняць іхныя законныя правы і інтарэсы”. Усе яны, зразумела, дзеяць пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі Кітаю (КПК).

У КНР актуальным застаецца пытанне рэфармавання палітычнай сістэмы. Больш за 20 гадоў таму ў Пекіне абвесцілі, што неабходна дэмакратызаваць грамадскі лад, пераадолець бюракратызм і беззаконня, ліквідаваць феадальныя перажыткі, адмовіцца ад традыцыйнага пажыццёвага займання кіроўных пасадаў, вылучаць таленавітую моладзь на кіроўныя палітычныя пасады. Аднак вядомыя студэнцкія выступы і негатыўны досвед шэрагу постсацыялістычных краінаў прывялі кітайскае кіраўніцтва да ідэі паступовага і паэтапнага правядзення палітычнай рэформы, не дапускаючы пры гэтым паслаблення кіроўнай ролі КПК і яе манапольнага знаходжання ва ўладзе. Кітайскія моладзевыя арганізацыі разглядаюць КПК як гаранта стабільнасці, а падтрыманне стабільнасці – як адну з найважнейшых задачаў дзяржавы і грамадства. У гэтым сэнсе ў БРСМ і УФМ сапраўды шмат агульнага. Аднак палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што падпісанае пагадненне паміж арганізацыямі – усяго толькі фармальнасць, дзякуючы якой кіраўнікі БРСМ атрымаюць магчымасць ездзіць у замежныя камандзіраванні. “Беларусь і Кітай – гэта не проста розныя культуры, гэта розныя цывілізацыі, таму супрацоўніцтва і братэрства, якое спрабуюць навязаць, выглядае недарэчна. Што да абмену досведам у пабудове ідэалогіі, то БРСМ няма чаго даць і ўзяць – у іх адсутнічае свая ідэалогія”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў