Для каго праводзяць Дзень пісьменства?


Узнагароды атрымалі “вядомыя аўтары, якія ў шырокім коле чытачоў не вядомыя”.

Для Ганцавічаў Дзень пісьменства стаў напраўду знакавым святам – дагэтуль такіх маштабных імпрэзаў у 15-тысячным гарадку ніколі не ладзілі. Але чаму абралі менавіта гэты горад? Намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч на сустрэчы з журналістамі паспрабавала растлумачыць: “Ганцавічы – горад не з самаю старажытнаю гісторыяй. Але літаратурныя, культурныя традыцыі тут даўнія: непадалёк, у вёсцы Люсіна, выкладаў Якуб Колас, у мясцовай школе працуе прысвечаны яму музей”.

Якуб Колас сапраўды настаўнічаў у Люсіне – і нават прысвяціў гэтай вёсцы старонкі з трылогіі “На ростанях”, але варта адзначыць, што жыў ён тут усяго чатыры гады. Іншых выбітных пісьменнікаў на гэтай зямлі не было. Нават наш сучаснік Віктар Гардзей, які цяпер працуе ў газеце “Літаратура і мастацтва”, у кнізе пра родны край адзначае больш прыродных і вытворчых дасягненняў, чым творчых. Як паведаміла крыніца з Саюзу пісьменнікаў Беларусі, Ганцавічы абралі дзякуючы лабіяванню былога міністра інфармацыі спадара Русаковіча – у свой час ён працаваў у гэтых мясцінах.

Мясцовыя ўлады з энтузіязмам сустрэлі навіну пра свята ў іх горадзе – толькі Міністэрства культуры выдаткавала больш за 370 млн. руб. Узнагароджваючы найлепшых сёлета пісьменнікаў, віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік адзначыў: “Мы ўзнагароджваем вядомых беларускіх аўтараў, якія, на жаль, непапулярныя ў шырокага кола чытачоў”.

Найлепшымі літаратарамі прызнаныя Віктар Праўдзін, Мікола Мятліцкі, Алена Масла, Уладзімір Савуліч, Валер Грышкавец, Алена Папова, Казімір Камейша і Канстанцін Нілаў.

На меркаванне старшыні Саюзу пісьменнікаў Беларусі Алеся Пашкевіча, злачынна праводзіць Дзень пісьменства без вядомых на ўсю краіну народных паэтаў і нацыянальных творцаў. “На такія імпрэзы ўжо даўно не запрашаюць Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Някляева, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна… А гэтыя людзі мусяць быць у першых шэрагах Дня пісьменства, менавіта на іхных творах грунтуецца беларуская літаратура”. Спадар Пашкевіч лічыць вартымі ўвагі такія імпрэзы, але са шкадаваннем адзначае, што фармат правядзення адхіляецца ад першапачатковай задумы – няма інтарэсу ні ў пісьменнікаў, ні ў чытачоў.

Дарэчы, сёлета ў Ганцавічах заклалі алею пісьменнікаў і помнік Якубу Коласу. Праўда, на адкрыццё помніка не запрасілі ні сына вядомага беларускага класіка – Міхася Міцкевіча, ні іншых Коласавых нашчадкаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары