Рэформа для ўзмацнення аўтарытарнай улады?


Сакратар Савету бяспекі Леанід Мальцаў паведаміў сёння Аляксандру Лукашэнку, што стварэнне Следчага камітэту Беларусі “ідзе ў планавым парадку” – ужо падрыхтавалі праект адпаведнага ўказу. У краіне гэта будзе ўжо дзявятая структура з правам аператыўна-вышуковай дзейнасці.

Пра стварэнне Следчага камітэту было заяўлена месяц таму. Структура пачне дзеяць з 1 студзеня 2012 года і будзе падпарадкоўвацца беспасярэдне кіраўніку дзяржавы. Ствараецца камітэт з мэтай “узмацніць абарону грамадзянаў у прававых адносінах… і максімальна выключыць магчымасць неабгрунтаванага прыцягнення да адказнасці”, заявіў Леанід Мальцаў.

Пра неабходнасць аддзяліць следства ад аператыўных службаў гаварылася даўно, зазначае кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. Паводле праваабаронцы, пытанне гэтае падымалася яшчэ падчас судова-прававой рэформы 1992–1993 гадоў. “Ідэя сама па сабе добрая, але калі гаворка ідзе пра дэмакратычную дзяржаву, у якой галоўнае – права чалавека. Але калі гэта робіцца ў паліцыйнай краіне, я ўпэўнены, што ўсё будзе пастаўлена з ног на галаву”, – зазначае Гары Паганяйла.

Са словаў праваабаронцы, у беларускіх рэаліях узмацненне паўнамоцтваў прэзідэнта ўказвае на недэмакратычнасць кіравання краінаю ды жаданне Аляксандра Лукашэнкі сканцэнтраваць у сваіх руках уплыў на ўсе сілавыя структуры. Гары Паганяйла не выключае, што са стварэннем Следчага камітэту крымінальная юстыцыя будзе больш актыўна выкарыстоўвацца супраць палітычных апанентаў дзейных уладаў.

Былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак упэўнены, што камітэт мусіць падпарадкоўвацца генеральнаму пракурору, пры гэтым маюць ліквідаваць следчыя падраздзяленні ў КДБ, МУС, пракуратуры і Дэпартаменце фінансавых расследаванняў. “Адпаведныя змены павінны ўнесці ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальныя кодэксы. Таксама неабходна дакладна прапісаць, хто і за што будзе адказваць, хто будзе кантраляваць новую структуру. Пакуль нічога гэтага мы не бачым”, – звяртае ўвагу праваабаронца.

На меркаванне экспертаў, пытанні рэфармавання следчай сістэмы ўладам неабходна было шырока абмеркаваць у медыях з прыцягненнем адпаведных спецыялістаў: адвакатаў, праваабаронцаў, суддзяў, пракурораў. “Гэта дазволіла б выпрацаваць найбольш аптымальныя з улікам напрацаванага досведу і практыкі рашэнні. Тады б і не ўзнікалі пытанні, каму выгадная гэтая рэформа, чые інтарэсы яна лабіруе і наколькі будзе эфектыўная”, – падсумоўвае Гары Паганяйла.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары