Вольга Іскрык: У школах бракуе кніг па беларускай літаратуры


На беларускай мове ў краіне выдаецца толькі 10 % кніг, паведаміла першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Паводле філолага Вольгі Іскрык, асабліва не хапае кніг у беларускіх школах.

“Апошнім часам кніг твораў па беларускай літаратуры ў школьных бібліятэках не хапае катастрафічна. Гэта аб’ектыўная сітуацыя склалася за апошнія гады, бо старыя хрэстаматыі не перавыдаюцца, новыя не выдаюцца – толькі кнігі для чытання для школьнікаў, таму вось якраз гэты дэфіцыт вельмі адчувальны”, – кажа вядоўца праграмы “Моўнік” на “Белсаце” філолаг Вольга Іскрык.

Навучальны год ужо пачаўся, хутка настаўнікі пачнуць задаваць хатнюю працу, але паводле чаго будуць рыхтавацца вучні? Як высвятляецца, не ўсім хапае кніжак па беларускай літаратуры са школьнай бібліятэкі. На беларускай мове выдаецца толькі 10 % кніг, і гэты паказчык мае тэндэнцыю да памяншэння – за першае паўгоддзе ў Беларусі выйшла 5610 найменняў кніг і брашур, на 3 % менш, чым за аналагічны перыяд летась. У той жа час агульны наклад выдадзеных кніг скараціўся на 15 %.

Вольга Іскрык зазначае, што ў некаторай ступені можна палепшыць сітуацыю з дапамогаю інтэрнэту. “Сёння неабходную для вывучэння ў школе літаратуру можна знайсці на Беларускай палічцы (www.knihi.com – беларуская электронная бібліятэка). Да таго ж трэба сказаць, што на гэтай палічцы творы, кнігі, тэксты расстаўленыя ў адпаведнасці з вучэбнаю праграмаю па беларускай літаратуры для 5–11 класаў. Там ёсць творы для чытання і вывучэння, творы для самастойнага чытання і творы, рэкамендаваныя для завучвання на памяць. Усё, што душа пажадае”, – распавяла філолаг.

“Зноў жа патрабаваць ад вучня, каб у яго быў папяровы экземпляр, маю на ўвазе кнігу ці том са збору твораў усіх уключаных у вучэбную праграму аповесцяў беларускай літаратуры, – мне здаецца, што гэта лішняе. Гэта вялікія выдаткі, кнігі ў нас сёння вельмі нятанныя. І таму, думаю, не трэба казаць, што вучні не чытаюць “жывых” кніг. Мне здаецца, што такая сітуацыя склалася ва ўсім свеце – і ў нас таксама”, – зазначыла Іскрык.

У той жа час Ананіч адзначыла, што “цяпер вельмі добра купляецца беларускамоўная кніга”. “Гэта не маё меркаванне, а канкрэтная аналітыка на падставе тэндэнцыяў пакупак у сетцы “Белкніга”, – падкрэсліла яна.

belsat.eu

Стужка навінаў