54 мільёны еўраў на прапаганду


Сёлета агульная сума датацыяў на падтрыманне дзяржаўных медыяў з бюджэту складае прыкладна 54 млн еўраў, з якіх 43 млн прызначаныя на фінансаванне дзяржаўных тэлеканалаў. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) Андрэй Бастунец, каментуючы пастанову аб датацыях для дзяржаўных выданняў.

Дапамогу дзяржавы ў 2011 г. атрымаюць 25 дзяржаўных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Гэта вынікае з пастановы Савету міністраў “Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку давання субсідыяў асобным юрыдычным асобам, на якіх ускладзеныя функцыі рэдакцыяў друкаваных СМІ”, зарэгістраванай на Нацыянальным прававым партале 26 жніўня.

У спісе такіх выданняў – “Алеся”, “Беларускі гістарычны часопіс”, “Беларусь. Belarus”, “Белорусская нива”, “Вместе!”, “Вожык”, “Вясёлка”, “Журнал специального назначения”, “Звязда”, “Здравоохранение”, “Знамя юности”, “Зорька”, “Культура”, “Літаратура і мастацтва”, “Маладосць” (дадатак “Бярозка”), “Мастацтва”, “Народная асвета”, “Народная газета”, “Нёман”, “Полымя”, “Родная прырода”, “Рэспубліка”, “Советская Белоруссия”, “Спортивная панорама”, “The Minsk times” (дадатак “Голас Радзімы”).

Грошы ім будуць выдаваць дзеля частковай кампенсацыі выдаткаў на выдавецкія паслугі, на набыццё паперы і заробак працаўнікам рэдакцыяў. Пры гэтым, як вынікае з пастановы, пры пераліку субсідыяў будуць улічвацца памеры “адмоўнага фінансавага выніку” дзейнасці ў выпуску медыяў. Рэдакцыі названых выданняў мусяць рэгулярна падаваць бухгалтарскія справаздачы.

На меркаванне намесніка старшыні БАЖ, гэтая пастанова Савету міністраў “добра ілюструе нядаўнія выказванні міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага пра тое, што ў рынкавых умовах дзяржаўныя медыі нібыта лёгка перамогуць недзяржаўныя”.

belsat.eu

Стужка навінаў